Браслаўчанка заняла другое месца ў абласным конкурсе прафмайстэрства паштовых работнікаў

Люди
Начальнік аддзялення паштовай сувязі № 2 г. Браслаў Аксана Сільчонак – ураджэнка Глыбоччыны, але ўжо звыш чвэрці стагоддзя жыве з сям’ёй у нашым горадзе. Летась з мужам Анатолем адсвяткавалі 25-годдзе сумеснага жыцця, а сёлета і сыну Уладзіславу спаўняецца столькі ж.

Дарэчы, пазнаёміліся маладыя людзі ў аддзяленні паштовай сувязі суседняга раёна. З прыродным дарам адкрытасці характару Аксана з дзяцінства любіла і ўмела, як кажуць, навадзіць масты і з равеснікамі, і з дарослымі. Таму пасля школы не вагалася з выбарам прафесіі, скончыла ў Віцебску каледж сувязі і вярнулася працаваць аператарам на сваёй малой радзіме. Браслаўчанін Анатоль у той час таксама па рабочых справах знаходзіўся ў Глыбокім і перыядычна заходзіў у аддзяленне, каб з дапамогай сімпатычнай і абаяльнай дзяўчыны скарыстацца паштовымі паслугамі. Можна сказаць, з першага позірку іскрынка кахання прамільгнула ў сэрцах абодвух, бо ўжо ў хуткім часе маладажоны сталі ладзіць сваё жыццё на радзіме Анатоля.

Пасля выхаду з водпуску па доглядзе дзіцяці Аксана ўладкавалася на вакантнае месца аператара ў паштовае аддзяленне № 2 г. Браслаў, прымала ад наведвальнікаў разнастайныя плацяжы, выплачвала пенсіі, займалася прыёмкай-адпраўкай карэспандэнцыі, пасылак і г. д. Камунікабельная жанчына лёгка ўлілася ў працоўны калектыў, дасканала выконвала свае абавязкі, граматна і паважліва абслугоўвала кліентаў і расла па кар’ернай лесвіцы. Вось ужо больш за 10 гадоў яна ўзначальвае аддзяленне, у якім некалі пачынала працаваць у якасці аператара.

Як начальнік аддзялення № 2 г. Браслаў Аксана Сільчонак каардынуе дзейнасць звыш 30 работнікаў – паштальёнаў, спецыялістаў, вадзіцеляў мотадастаўкі перыядычных выданняў, паштовых адпраўленняў і штучных тавараў, кантралюе выкананне імі планавых заданняў, якасць абслугоўвання насельніцтва.

Шмат гадоў А. Сільчонак штодзень з добрым настроем ідзе на любімую працу і ўмела накіроўвае падначалены калектыў на выкананне вытворчых задач, за дасягнутыя поспехі яна неаднаразова заахвочана ганаровымі граматамі Віцебскага філіяла РУП «Белпошта». Свой высокі прафесіяналізм пацвердзіла жанчына летась і на 25 абласным конкурсе прафесійнага майстэрства работнікаў аб’ектаў паштовай сувязі. Па выніках спецыяльных выпрабаванняў яна прызнана «Лепшым знатаком паштовай справы сярод начальнікаў аб’ектаў паштовай сувязі» і ўзнагароджана дыпломам другой ступені. ■

Казімір ПЯТУШКА