Што гэта, калі не генацыд? Пачытайце, як фашысты знішчалі браслаўчан

Год исторической памяти

У час барацьбы з фашысцкімі захопнікамі партызанскія фарміраванні ў сваіх справаздачах адлюстроўвалі і злачынствы гітлераўцаў у адносінах да мірных жыхароў. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прапануем вашай увазе артыкул з кнігі «Памяць», напісаны паводле дакументаў партызанскай брыгады «Спартак».

У Відзаўскім раёне расстраляны 600 мірных жыхароў, спалены ў хатах і хлявах больш за 450 чалавек.

Жудасная трагедыя адбылася ў в. Прудзінкі Дубраўскага сельсавета. У ёй было 13 двароў, але сюды прыходзілі жыхары і з іншых навакольных вёсак, бо паселішча лічылася больш падрыхтаваным і бяспечным у выпадку з’яўлення немцаў. У той момант, калі фашысты акружылі вёску, у ёй налічвалася больш за 300 чалавек. Усе яны былі загнаны ў хаты і спалены жывымі. Вось што расказаў Мікалай Ждан, адзін з усіх, хто ўратаваўся: «Гэта было 24 лістапада 1942 года. Усіх нас сагналі ў 10 хат. Дзверы забілі, абапал паставілі кулямёты. У 10 гадзін раніцы салдаты пачалі кідаць гранаты ў вокны, страляць. Адначасова падпалілі хаты. Жах ахапіў людзей. Параненыя паўзлі праз забітых, прасілі паратунку, але дапамогі не было. Хутка абвалілася столь… Я не быў паранены, мне абпаліла рукі, зняў з сябе вопратку, скокнуў у акно і пабег да лесу. Па мне пачалі страляць, і куля трапіла ў нагу, але я быў даўно ў лесе, падаўся ў гушчар і тым самым выратаваўся».

Таксама лютавалі немцы ў в. Дубраўка, дзе жывымі спалілі ў хляве 15 чалавек, а двух двухгадовых хлопчыкаў пракалолі штыкамі і таксама кінулі ў агонь. Трохгадовы хлапчук быў застрэлены на руках у бацькі…

У в. Стаўрова расстралялі і спалілі 77 чалавек, у в. Якшты забілі 65… Фашысты абрабавалі 20 вёсак Відзаўскага раёна, вывезлі ўсю жывёлу, хлеб і іншыя прадукты, вопратку.

Такія ж расстрэлы правялі немцы ў Браслаўскім раёне, дзе спалілі 5 вёсак і знішчылі 530 мірных жыхароў.