У Браслаўскім раёне дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!»

Безопасность
Міжнародны дзень сям’і на Браслаўшчыне адзначыўся цікавымі пазнавальнымі акцыямі і мерапрыемствамі. Некаторыя з іх ладзілі супрацоўнікі РЦГіЭ, паліклінікі і ратавальнікі. Цэнтрамі актыўнасці арганізатараў сталі ГЦ «Віталіч» і гімназія.

Паўдзённая заклапочанасць і спешка не перашкодзілі браслаўчанам і гасцям горада ўключыцца ў пазнавальна-забаўляльны працэс. І калі спачатку людзей палохала запрашэнне арганізатараў паўдзельнічаць у акцыі, то праз хвіліну-другую яны ўжо ахвотна адказвалі на пытанні. Дарэчы, супрацоўніцы ўстаноў аховы здароўя падрыхтавалі для наведвальнікаў магазіна цікавую віктарыну на сямейную тэматыку: многія ўспомнілі сімвалы вяселля, прымаўкі і прыказкі пра радню і г. д. За правільныя адказы пакупнікі атрымлівалі цукеркі і карысныя брашуры. Пакуль дарослыя ўзгадвалі прыкметы сямейнага шчасця, дзеці рабілі папяровых буслікаў — сімвалаў сям’і і вернасці.

Важныя парады для дзяцей і бацькоў у рамках сямейнага мерапрыемства і першага этапа акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» давалі ратавальнікі: у гандлёвым цэнтры яны разгарнулі цэлую навучальную пляцоўку. Інспектар РАНС Вадзім Чэкан разам з актывістамі КЮРП у даступнай і цікавай форме нагадвалі пра асноўныя правілы бяспекі жыццядзейнасці і алгарытмы дзеянняў у выпадку ўзнікнення розных надзвычайных сітуацый.

Наведвальнікі магазіна даведаліся, як найбольш эфектыўна засцерагчы сваё жыллё ад надзвычайных сітуацый, захаваць дзяцей ад небяспекі, а таксама ў рамках інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі «Правядзі час з карысцю» прапаноўвалі праверыць свае веды ў галіне бяспекі з дапамогай тэстаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымлівалі граматы, памятныя падарункі і навучальную прадукцыю. І, вядома ж, самым галоўным напамінам для бацькоў была просьба ні пры якіх абставінах не пакідаць сваіх дзяцей без нагляду.

Гульнямі, тэстамі, віктарынамі і стварэннем буслікаў для сваіх родных працягнулася сямейная акцыя ў гімназіі. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.