У раёне летась адбылося 29 ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл

Безопасность

Выпадкі сутыкнення аўтатранспарту з дзікімі жывёламі на дарогах — з’ява, на жаль, нярэдкая. Для жывёл яны, як правіла, смяротныя, а ДТЗ з буйнымі капытнымі (ласямі, аленямі, дзікамі, казулямі) могуць мець сур’ёзныя наступствы як для транспарту, так і для вадзіцеляў і пасажыраў. На тэрыторыі Браслаўскага раёна летась адбылося 29 выпадкаў ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл.

Звяры выходзяць на аўтадарогі па розных прычынах. Часцей за ўсё яны рухаюцца да месц кармлення і ў адва- ротным накірунку. Некаторых прыцягвае раскіданая дарожнымі служ- бамі пясочна-солевая сумесь. Многія птушкі збіраюць на дарогах дробныя каменьчыкі, неабходныя ім для стрававання. Часам дзікія жывёлы (заяц, лісіца) выходзяць на асфальт проста пагрэцца і абсохнуць ад расы, бо яго тэмпература звычайна вышэйшая, чым тэмпература паветра. Выбягаюць звяры на дарогі і ў час праследавання іх драпежнікамі ці паляўнічымі сабакамі. У большасці выпадкаў сутыкнення можна пазбегнуць. Калі на шляху руху аўтамабіля ці на абочыне дарогі паявілася дзікая жывёліна, неабходна максімальна знізіць скорасць, каб можна было імгненна спыніцца. Звычайна звер успрымае аўтамабіль як драпежніка, які спрабуе адрэзаць шляхі адступлення, таму ў апошні момант кідаецца праз дарогу, каб «выйсці з акружэння». Але адэкватна ацаніць скорасць транспарту жывёла не можа, і ў выніку на поўным ходзе можа здарыцца сутыкненне. Жывёла, якая аказалася ў начны час у святле фар, аслеплена, цемру за межамі пучка святла яна ўспрымае як сцяну і пачынае мітусіцца, не бачачы нічога, акрамя асветленага ўчастка дарогі і святла фар. У такой сітуацыі трэба спыніцца, выключыць фары, але пакінуць уключанымі габарытныя агні, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю, тым самым даць зверу магчымасць адаптавацца да цемры і пакінуць дарогу. Нельга забываць, што выкананне патрабаванняў правілаў дарожнага руху, у тым ліку скараснога рэжыму, і асаблівая асцярожнасць у зоне дзеяння папераджальнага знака «Дзікія жывёлы» значна знізіць рызыку аварый, звязаных з раптоўным з’яўленнем жывёл на аўтадарогах.

■ Віталій БУДА,

начальнік Браслаўскай МРІ АЖіРС.