Пра што пісала «Браслаўская звязда» 30 гадоў таму назад (студзень 1987-га)

Калейдоскоп

ПАДАТАК — ПАСЛЯ ГОДА ЎСТУПЛЕННЯ Ў ШЛЮБ

Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 студзеня 1987 года мужчыны ва ўзросце звыш 20 і да 50 гадоў і жанчыны, якія ўступілі ў шлюб ва ўзросце звыш 20 і да 45 гадоў, вызваляюцца ад уплаты падатку на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян тэрмінам на год пасля ўступлення ў шлюб.

КАЛЕКТЫЎ УЗЯЎ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВЫ

Працаўнікі Браслаўскага лясгаса раз- гарнулі сацыялістычнае спаборніцтва за дастойную сустрэчу 70-годдзя Савецкай улады. У гонар гэтай слаўнай даты калек- тыў узяў абавязацельствы на 1987 год. У тым ліку — прырост аб’ёму вытворчас- ці не менш як на 3,6 %, асваенне выпус- ку новай прадукцыі, распрацоўка пяці рацыяналізатарскіх прапаноў.

РАСТУЦЬ РАДЫ

У мінулым годзе ў рады Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі ўступілі 466 чалавек. Гэта лепшыя рабочыя, калгаснікі і вучні. Цяпер Браслаўская раённая камсамольская арганізацыя налічвае ў сваіх радах 4 148 юнакоў і дзяўчат.

НАВАСЕЛЛЕ ФЕРМЫ

Надоўга запомніцца ёдлавіцкім даяркам 1986 год. Збылася іх мара: ферма справіла наваселле. У новым кароўніку на 200 галоў усё зроблена акуратна, дабротна, на сценах падсобных памяшканняў — абліцовачная плітка, а прыгожы чырвоны куток, напэўна, адзін такі ў раёне.

ДЗІЦЯЧАЯ ФІЛАРМОНІЯ Ў БРАСЛАВЕ

У студзені на базе Браслаўскай музычнай школы адкрыта раённая дзіцячая філармонія. У яе састаў уключаны калектывы мастацкай самадзейнасці Дома піянераў, музычных школ г. п. Відзы і калгаса «Шлях Леніна», Браслаўскіх, Казянскай і Ахрэмавецкай сярэдніх школ.

СТАТЫСТЫКА ШЧАСЦЯ

Багатым быў мінулы год на сямейныя ўрачыстасці. Браслаўчане справілі 335 вяселляў, у раёне нарадзіліся 512 новых грамадзян. Самымі папулярнымі ў баць- коў нованароджаных былі імёны Наталля, Таццяна, Аляксандр і Дзмітрый.

ДЫЕТЫЧНАЕ МЯСА, КАШТОЎНАЕ ФУТРА

Трусагадоўля і звераводства — гэта нявыкарыстаны ў раёне рэзерв вы- творчасці і продажу дзяржаве мяса. Праўленне таварыства трусаводаў і звераводаў-аматараў заклікае ўсіх грамадзян разводзіць трусоў і нутрый. Так кожны зможа ўнесці свой уклад у выкананне Харчовай праграмы.

ПА ВОПЫТ — У «РАССВЕТ»

На базе калгаса «Рассвет» імя Арлоўскага адкрыўся рэспубліканскі клуб перадавога вопыту «Колас». У яго накіраваны тры лепшыя маладыя вадзіцелі нашага раёна — Станіслаў Пагада і Віктар Ваштаевіч з калгаса «Маяк», Валерый Ракіцкі з калгаса імя Леніна.

ТЭЛЕФОННЫЯ АПАРАТЫ СТАЯЦЬ ДЗЕЛЯ ФОРМЫ

На жывёлагадоўчых фермах, у зернескладах, рамонтных майстэрнях, праўленнях устаноўлены тэлефонныя апараты. Але палавіна з іх не працуе. Каб вырашыць у райцэнтры вытворчыя пытанні, даводзіцца ганяць туды калгасную тэхніку, траціць час і паліць бензін. Толькі што да гэтага сувязістам: не за іх жа кошт.

НАВАСЁЛАМ РАГАЧОЎШЧЫНЫ — АД БРАСЛАЎСКІХ БУДАЎНІКОЎ

Прыкладна 2 месяцы працавала наша брыгада будаўнікоў у Рагачоўскім раёне, каб аказаць дапамогу ва ўзвядзенні жылля для пацярпелых пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. За лістапад і снежань 9 вопытных работнікаў узвялі чатыры аднакватэрныя дамы. Перад Новым годам ключы ад іх уручаны жыхарам.

■ Старонкі газеты гартала

Жанна БЯЛЬКО.