Яму пакараецца метал

Люди

IMG_4380 (Small)Сёння многія людзі імкнуцца надаць інтэр’еру свайго жылля яскравую індывідуальнасць, нейкаю адметную разыначку. Такой непаўторнай рыскай як звонку, так і ўнутры дома могуць стаць кампазіцыі мастацкага кавання, папулярнасць якіх расце з кожным годам.
Гэта сцвярджае і браслаўчанін Сяргей Пузакоў, які амаль 15 гадоў, здавалася б, з непатрэбнага кавалка жалеза стварае прыгожыя і арыгінальныя вырабы. Цяга да трывалага матэрыялу ў яго зарадзілася з дзяцінства. Спачатку назіраў за працай свайго бацькі, які быў зваршчыкам і “кляпаў” машыны. Прыглядаўся, выконваў нескладаныя даручэнні — прынясі, падай. Потым стаў яму дапамагаць і ўсвядомліваць асновы зваркі і аўтарамонту, а з цягам часу перайшоў на самастойныя заробкі.
Але творчая натура Сяргея прагнула да іншай самарэалізацыі. Задума заняцца коўкай металу перарасла ў моцнае жаданне. Сваімі меркаваннямі падзяліўся з сябрам, які падтрымаў ідэю, і, як кажа сам Сяргей, даў яму штуршок. Так у горадзе з’явіўся індывідуальны прадпрымальнік — майстар кавальскіх спраў.
— Кавальству па кніжцы не надта навучышся, — дзеліцца С. Пузакоў. — Пакуль сваімі рукамі, метадам спроб і памылак не зробіш — нічога не будзеш ведаць і ўмець.
Кожны дзень Сяргей Пятровіч пазнаваў нешта новае і ўдасканальваў сваё майстэрства. Узоры станавіліся больш складанымі і мудрагелістымі. Галоўнае, прызнаецца каваль, мець жаданне і вытрымку, тады ўсё атрымаецца.
Работа каваля, хоць ён і працуе з цвёрдым металам, вельмі тонкая. Асвоіць яе можа не кожны. Нездарма пра майстроў кавальскіх спраў здаўна легенды складалі, казкі-быліны з вуснаў у вусны перадавалі.
Да таго ж ўладары металу павінны валодаць мастацкім густам, умець маляваць, бо цудоўны незвычайны ўзор спачатку з’яўляецца на паперы ці вымалёўваецца ў галаве. Дапамагае і фантазія, менавіта дзякуючы ёй, амаль кожны выраб каваля — гэта штучны тавар. Нават у аднолькавыя заказы Сяргей Пятровіч абавязкова ўносіць непаўторнасць, часам у ходзе работы змяняе ці дапаўняе элементы ўзору.
Паколькі гэтая справа творчая, то і падыходзіць да яе, лічыць майстар, трэба толькі, калі ёсць натхненне. І як любому мастаку, Сяргею Пятровічу больш падабаецца працаваць над арыгінальнымі вырабамі. Яго карнізы, люстры, ліхтары, лаўкі, мангалы і агароджы ўпрыгожваюць не адзін уласны дом ці дачу — работы і заказаў хапае з лішкай.
Зараз каваль шчыруе над варотамі і кампазіцыяй у выглядзе ажурнай карэты, дзе будзе знаходзіцца мангал і пліта для юшкі. Гляджу на гэтыя рэчы і здзіўляюся — метал у руках майстра, бы той пластылін, гнуткі і падатлівы, а дэталь служыць надзейна. Пры ўсіх сучасных тэхналогіях асноўнымі кавальскімі інструментамі застаецца кувалда, малаток, ціскі і іншыя “дзедаўскія” прылады. Таму для апрацоўкі металу коўкай патрэбны асаблівыя фізічныя здольнасці і сіла.
Таму зразумела, што гэтай няпростай справай можа авалодаць толькі чалавек цярплівы, стрыманы, упарты, а галоўнае, надзелены асаблівым кавальскім талентам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.