Кірмаш рабочых прафесій

Главное

IMG_4435 (Small)Здаецца, зусім нядаўна ў школах гучаў першы званок, а ўжо прайшло тры месяцы вучобы. Непрыметна прамільгне і навучальны год. Хтосьці працягне навучанне ў 10-м класе, а некаторыя дзевяцікласнікі будуць рыхтавацца да паступлення. І на парозе дарослага жыцця ім трэба будзе зрабіць вызначальны ў лёсе выбар. І чым больш інфармацыі пра розныя прафесіі і навучальныя ўстановы, тым большая верагоднасць прыняць правільнае рашэнне і стаць запатрабаваным спецыялістам.
Таму ў актавай зале СШ №1 дзевяцікласнікі школ раёна і іх бацькі сабраліся на “Кірмаш рабочых прафесій”, каб сустрэцца з прадстаўнікамі сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў нашай вобласці — ліцэя будаўнікоў, гандлёва-тэхналагічнага і хіміка-тэхналагічнага каледжаў, што знаходзяцца ў Полацку, лепельскага аграрна-тэхнічнага і нашага мясцовага каледжаў.
Пачынаючы сустрэчу, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч нагадаў выпускнікам і іх бацькам, што ў першую чаргу пры выбары прафесіі трэба звяртаць увагу на запатрабаванасць яе на рынку працы. Магчымыя змены правіл правядзення экзаменаў за курс базавай школы могуць сур’ёзна ўскладніць дзевяцікласнікам шлях у 10-ы клас, таму Іван Абаровіч параіў больш уважліва прыгледзецца да сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў.
Прадоўжыла размову намеснік старшыні праўлення райпа па кадрах і ідэалагічнай рабоце Людміла Бабенка. Яна на прыкладзе свайго прафесійнага шляху паказала, што не трэба баяцца рабочых прафесій, якія могуць пры адпаведных намаганнях стаць першай прыступкай да паспяховай кар’еры.
Прадстаўнікі каледжаў і ліцэя расказалі пра свае навучальныя ўстановы і тыя спецыяльнасці, якія там можна набыць. Выступленні атрымаліся вельмі цікавымі і пазнавальнымі: яны суправаджаліся паказам відэафільмаў і прэзентацый, з якіх можна было даведацца пра асаблівасці будучай прафесіі, умовы вучобы і адпачынку. Дапаўнялі сваіх выкладчыкаў і іх навучэнцы — ураджэнцы Браслаўскага раёна.
Падчас выступленняў былі агучаны перавагі спецыяльнай сярэдняй адукацыі: практычная скіраванасць навучання, запатрабаванасць выпускнікоў на сучасным рынку працы, магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі па скарочанай форме навучання. Апошняе асабліва зацікавіла бацькоў дзевяцікласнікаў, бо так можна атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі разам са сваімі равеснікамі, якія паступілі ў ВНУ пасля 11 класа, і пры гэтым ужо мець спецыяльнасць.
Пра найбольш запатрабаваныя ў нашым раёне прафесіі праінфармавалі прысутных у відэазвароце галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Браслаўскага райвыканкама Аксана Багародзь і начальнік аддзела аховы лесу і лясной гаспадаркі ДПУ «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”» Сяргей Канстанціновіч.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар СШ №1 Тамара Стома падвяла вынікі і пажадала дзевяцікласнікам поспеху ў выбары прафесіі, здзяйснення іх мар і спадзяванняў. А будучыя выпускнікі і іх бацькі выкарысталі магчымасць пагутарыць непасрэдна з гасцямі мерапрыемства і атрымалі змястоўныя адказы на цікавячыя іх пытанні.

Жанна Бялько.IMG_4431 (Small)