Я ў рабочыя б пайшоў, няхай мяне навучаць

Главное

SAM_0334 (Small)Шмат новых прафесій з’явілася за апошніх некалькі гадоў, а іншыя, наадварот, пачынаюць знікаць з-за сваёй незапатрабаванасці. Але ёсць і такія, якія ніколі не перастануць існаваць на зямлі. Гэта рабочыя спецыяльнасці.
Многія школьнікі ўжо зараз задумваюцца пра выбар будучай прафесіі. “Я ў рабочыя б пайшоў, няхай мяне навучаць!” – пад такім дэвізам прайшоў тыдзень прафарыентацыі ў Кансталінскай базавай школе, каб звярнуць увагу вучняў на запатрабаванасць у рэспубліцы кваліфікаваных рабочых кадраў.
У рамках гэтага тыдня старшакласнікі наведалі машынны двор цэнтральнай сядзібы СВК “Маяк Браслаўскі”. Загадчык аўтагаража Антон Варнэль пазнаёміў хлопцаў з усімі тонкасцямі сваёй працы, неабходнасцю пільна сачыць за станам аўтамабіляў, а для гэтага трэба атрымаць спецыяльную адукацыю. Не менш важныя спецыяльнасці, звязаныя з абслугоўваннем насельніцтва, таму для дзяўчат была арганізавана цікавая экскурсія ў цырульню.
Самыя малодшыя школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў – “Свет прафесій”. Яны намалявалі прадстаўнікоў самых папулярных прафесій — будаўніка, трактарыста, ўрача, повара.
Завяршыўся тыдзень масавым мерапрыемствам “Кірмаш прафесій”, удзельнікамі якога сталі навучэнцы 5 – 9 класаў. Перад імі стаяла творчая задача — артыстычна і цікава прадставіць якую-небудзь папулярную рабочую спецыяльнасць. Усе вучні цудоўна справіліся з заданнем і з дапамогай вершаў, песень, сцэнак расказалі пра рабочыя будні трактарыста, даяркі, повара, вадзіцеля і будаўніка. Самыя ўдалыя прадстаўленні былі адзначаны салодкімі прызамі.
Тыдзень прафарыентацыі прайшоў вельмі цікава і пазнавальна. Спадзяёмся, што ён дапамог вучням задумацца над сваёй будучыняй і зрабіць правільны прафесійны выбар.

Ганна Апанчонак,
педагог-арганізатар Кансталінскай БШ.