Не плаціш за кватэру – могуць прымусіць прадаць

Новости

З сакавіка бягучага года пачынае дзейнічаць новы жыллёвы кодэкс. Нас чакае шмат перамен у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але самымі радыкальнымі яны будуць у дачыненні да даўжнікоў. Менавіта пра гэта карэспандэнт газеты Алена Пятушка пыталася ў юрысконсульта ЖКГ Веранікі Яблонскай.
Вераніка Іванаўна, скажыце, калі ласка, ці многа ў нас людзей, якія своечасова не аплачваюць камунальныя паслугі?
— Агульная колькасць рахункаў па раёне на пачатак бягучага года складае 5919, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 1844. На сённяшні дзень запазычанасць па аплаце за камунальныя паслугі складае 36,8 млн. рублёў. Усяго ў спісе даўжнікоў знаходзяцца 424 рахункі, у тым ліку на сяле — 164. Гэта тыя, у каго запазычанасць складае больш за тры месяцы. Ёсць у нас 10 рахункаў, па якіх аплата не паступала звыш двух гадоў, іх запазычанасць — 14,3 млн.рублёў. Спагнаць гэтыя грошы досыць цяжка. Па-першае, высяляць даўжнікоў з дзяржаўных кватэр мы маем права толькі пры ўмове выдзялення iм жылля меншай плошчы, але з такiмi ж умовамi пражывання. А сёння знайсці такую альтэрнатыву ў раёне немагчыма. Па-другое, большасць з іх – гэта непрацуючыя грамадзяне або асобы, якiя злоўжываюць cпiртным.
Тым не менш за мінулы год на даўжнікоў кватэр аформілі 31 натарыяльны надпіс на суму 11,1млн. руб., з якіх 3,5 млн. руб. выплачаны, а таксама пададзены пяць іскавых заяў у суд на спагнанне запазычанасці на суму 2,6 млн. руб.
Пры гэтым хочацца нагадаць, што доля кампенсацыі насельніцтвам затрат на камунальныя паслугі па нашым раёне складае ўсяго толькі 12,1%.
Што зменіцца, калі ў сілу ўступіць новы жыллёвы кодэкс, ці закрануць новыя правілы гаспадароў прыватызаваных кватэр?
— Калі без уважлівых прычын не аплачваеш за кватэру да паўгода, меры ўздзеяння застаюцца ранейшымі – ад папярэджання да адключэння камунальных паслуг. Пры наяўнасці запазычанасці, большай за шэсць месяцаў, райвыканкам у пісьмовай форме папярэджвае ўласніка пра неабходнасць пагасіць запазычанасць або ліквідаваць парушэнні, якія пацягнулі разбурэнне і (або) пашкоджанне, забруджванне жылога і дапаможнага памяшканняў.
У тым выпадку, калі даўжнік на працягу месяца з даты атрымання папярэджання не пагасіць запазычанасць або не ліквідуе пашкоджанні ў кватэры і дапаможных памяшканнях, райвыканкам мае права падаць іск у суд на прымусовы продаж жылля. Суд прадаставіць уласніку жылля год часу для таго, каб самастойна прадаць кватэру для пагашэння доўгу. І калі напрыканцы гэтага тэрміну даўжніком не будзе здзейснена дадзенае рашэнне, суд мае права выставіць жылое памяшканне на публічныя таргі. З сумы продажу будзе вылічана як запазычанасць па камунальных плацяжах, так і судовыя затраты, выдаткі на правядзенне аўкцыёнаў. А былому ўласніку на працягу 2 месяцаў прадастаўляецца іншае жыллё, але меншае па плошчы і горшае па сваіх якасцях.
Хочацца адзначыць, што такія меры ўздзеяння распаўсюджваюцца і ў адносінах да гаспадароў прыватызаваных кватэр.
Дзякую, Вераніка Іванаўна, за тлумачэнне. Бу-дзем спадзявацца, што новы жыллёвы кодэкс прымусіць даўжнікоў задумацца і аплаціць запазычанасць.