Пяцiкратнае багацце

Главное

Выгадаваць аднаго малога – складаная і адказная задача, а Наталля і Уладзіслаў выхоўваюць пяцярых.
— Сваіх дзетак мы лічым самым галоўным багаццем, якое патрабуе шмат сіл і намаганняў, — расказвае тата Уладзіслаў. — Але як бы часам ні было складана, усё гэта дробязі ў параўнанні з тым, як цябе абдымаюць маленькія ручкі, усмешліва глядзяць вочкі і чуецца: я цябе люблю, — тут жа дадае шчаслівая маці Наталля.
Гісторыя іх сям’і пачалася ў 2006 годзе … з песні. Прыгажуня Наталля на той час пасля вучобы выкладала ў Грытунскай школе, а статны Уладзіслаў працаваў у Відзаўскай участковай бальніцы. Магчыма, маладыя людзі не сустрэліся б ніколі, каб не народны ансамбль “Вярба”, куды абодвух прывяло захапленне музыкай. Уладзіслаў не толькі любіць спяваць, а прыгожы голас яму дастаўся ад матулі Станіславы Юльянаўны, ён яшчэ і цудоўна іграе на 4 інструментах – гітары, акардэоне, баяне і гармоніку. Па-ранейшаму выступае ў “Вярбе”, удзельнічае ў культурным жыцці раёна.
Сапраўдная захаваль-ніца сямейнага ачага Наталля пакуль усе свае сілы і таленты ўкладвае ў выхаванне дзяцей. Цяпер самы вялікі гонар шматдзетнай маці – іх 6-гадовая Паўліна, Валянцін (4), Рэгіна (3), Андрэй (2) і маленькі Віця (7 месяцаў) – пяць сонейкаў з прыгожымі ўсмешкамі.
— Муж гадаваўся ў сям’і, дзе было 8 дзяцей, мае мама і тата таксама са шматдзетных, — гаворыць Наталля. — Магчыма, таму мы так лёгка спраўляемся адразу з пяцярымі. Ды і са-крэту пэўнага ў нас няма, любіць толькі трэба дзяцей.
Наперабой да мяне падбягаюць то Паўлінка, то маленькая Рэгіна і хваляцца сваімі дасягненнямі – малюнкамі, фігурамі з пластыліну, цацкамі. У кожнага з іх свае захапленні, цікавасці, і бацькі стараюцца іх развіваць. Паўлі-нка наведвае танцавальны гурток пры Ві-дзаўскім ДК, прыгожа малюе Валянцін, а Рэгіна ў свае тры гады любіць дапамагаць маме ў хатніх справах.
Дом, у якім зараз жыве вялікая і дружная сям’я, сваімі рукамі пабудаваў Уладзіслаў яшчэ да знаёмства з Наталляй, праўда, ён ужо ледзь змяшчае столькі людзей. Мужчына працуе вадзіцелем на машыне “хуткай дапамогі” ў Відзаўскай бальніцы, ён спецыяльна перайшоў на гэту пасаду, каб часцей бываць з сям’ей і дапамагаць Наталлі. Кожная раніца сям’і Алёхна пачынаецца шумна і весела. Адны збіраюцца ў садзік, другія патрабуюць мамінай увагі. І так цэлы дзень, у працы і клопатах.
Дзіцячы садок знахо-дзіцца далёка, ды яшчэ і на гурткі трэба трапіць малым ці ў паліклініку пад’ехаць, вось і даводзіцца тату кожны дзень па 12 і больш кіламетраў праязджаць. Пра адно толькі бядуюць: маленькая машына не ўмяшчае такую вялікую сям’ю.
Увогуле ўвесь вольны час сям’я Алёхна стараецца праводзіць толькі разам. Летам выязджаюць на прыроду, старэйшыя дзеці любяць з татам хадзіць па грыбы, на рыбалку ці дапамагаць маме ў хатніх справах. Уладзіслаў з Наталляй стараюцца з маленства прывучаць дзяцей да працы. Але нават у паўсядзённых клопатах гаспадару хапае часу на свой любімы занятак – пчалярства, якім не першы год займаецца. Вось такая яна – шчаслівая, вясёлая і дружная сям’я Алёхна.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.