Дрысвяты: песня і лёс

Главное

У аграгарадку Дрысвяты жывуць звычайныя і простыя людзі, у кожнага з якіх свой лёс і прызванне. Здавалася б, што ў гэтых мясцінах ёсць такое, чаго не хапае іншым. А вось рэжысёр нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Міхаіл Жданоўскі знайшоў “разынку” і зняў дакументальную кінастужку пра невялікі населены пункт, якая называецца “Дрысвяты: песня і лёс”.
Дзякуючы ёй зараз прыгожыя мясціны сталі вядомы далёка за межамі раёна. Прыемна, што заслуга ў гэтым не толькі рэжысёра і аўтара сцэнарыя Міхаіла Жданоўскага, але і жыхароў Дрысвят.
У 36-мінутнай дакументальнай стужцы рэжысёр расказвае пра культуру Дрысвят, як жыццё простых лю-дзей цесна пераплятаецца з музыкай. Пры гэтым сучаснасць ён разбавіў паданнямі і хранікальнымі момантамі. Любая значная падзея, якая тут адбываецца, абавязкова суправа-джаецца песняй. А бывае, што вяскоўцы проста збіраюцца вечарком, каб разам успомніць любімыя мелодыі. Ды і спяваюць тут амаль усе — ад малога да старога.
Галоўнай гераіняй свайго фільма рэжысёр абраў былую настаўніцу гісторыі Эмілію Шавэлу, якая лепш за іншых ведае гэтыя мясціны і сваіх землякоў.
– Упершыню з Міхаілам Жданоўскім мы пазнаёміліся падчас здымак фільма пра Браслаўшчыну, – расказвае пра гісторыю стварэння стужкі Эмілія Лявонаўна. – Тады ён выпадкова трапіў у Дрысвяты, а якраз у гэты дзень у аграгарадку было вяселле, якое заўжды праходзіць у нас па ўсіх беларускіх традыцыях, з песнямі. Так зарадзілася ў яго ідэя здымаць фільм пра Дрысвяты. На наступны год ён з групай і прыехаў сюды. Прапанаваў мне быць своеасаблівым гідам па нашых мясцінах.
За 12 дзён, якія Міхаіл Жданоўскі правёў у Дрысвятах, ён пазнаёміўся практычна з усімі жыхарамі і захапіўся краем, пра што не раз гаварыў і адзначаў, што людзі тут цудоўныя і добрыя. Спачатку стужку планавалася назваць “Поющие над озером”, але потым рэжысёр выбраў іншую назву. За час, які здымачная група правяла ў аграгарадку, паспелі зняць вяселле, пахаванне і сямейнае свята. І кожны момант з жыцця людзей цесна пераплятаўся з музыкай. Самі жыхары аграгарадка ацанілі стужку, гавораць, што ім вельмі спадабалася.
– Фактычна фільм прадстаўляе з сябе народнае жыццё беларускай глыбінкі, падкрэслівае важнасць захавання ў сучасным свеце народных традыцый, — расказаў рэжысёр-дакументаліст Міхаіл Жданоўскі. – Мяне цікавіла ў першую чаргу непасрэднасць, натуральнасць. У Дрысвятах няма музычнай школы, але калі спяваюць бацькі, то запяюць і дзеці. Гэту простую ісціну адзначыў я для сябе, а яшчэ там вельмі цікавае жыццё. На жаль, размовы з многімі людзьмі не ўвайшлі ў фільм, як бы мне ні хацелася. Было адчуванне, што там увогуле ўсе спяваюць. Я проста ўлюбіўся ў гэтых людзей, 12 дзён яны падсілкоў-валі мяне сваёй энергетыкай і падавалі новыя ідэі.
Стужка ўжо паспела гучна заявіць пра сябе і атрымаць Гран-пры на восьмым рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў, які праходзіў у Брэсце ў верасні мінулага года. Журы аднагалосна прысудзіла галоўны прыз кінамарафона “Хрустальный аист” Міхаілу Жданоўскаму. А яшчэ гэту нявыдуманую гісторыю, з дрысвяцкімі міфамі і паданнямі, яны назвалі высокім мастацтвам і парэкамендавалі да абавязковага прагляду.

Таццяна
Пятушка.