Навагодняя пераправа

Человек и закон

Стары Новы год па-свойму “адзначылі” парушальнікі мяжы, якія ў выхадныя спрабавалі незаконна трапіць у Еўропу.
Позна вечарам 12 студзеня падчас рэалізацыі аператыўнай інфармацыі полацкія пагранічнікі ў 5 км ад мяжы падышлі да падазронай машыны. У ёй знаходзіліся чатыры невядомыя, да якіх далучыліся яшчэ двое. Як толькі пагранічнікі папрасілі дакументы для праверкі, частка зламыснікаў кінулася ў лес, а другая група знікла на аўтамабілі.
Каб злавіць парушальнікаў, спатрэбілася тэрміновая дапамога супрацоўнікаў ДАІ. Пасля праследавання аўтамабіль быў затрыманы ў раёне Верхнядзвінска. Як стала вядома пазней, збегчы ад стражаў парадку спрабавалі трое мясцовых маладых людзей, а таксама грамадзянін Афганістана.
Хутка затрымалі і іх сяброў, грамадзян Латвіі, якія раней незаконна перасеклі мяжу. Як высветлілася пазней, афганец прыехаў у Беларусь на аўтобусе з Расіі без беларускай візы. З яго слоў, Беларусь павінна была стаць месцам пера-правы, далей ён збіраўся трапіць у Еўропу ў пошуках лепшых умоў для жыцця. На тэрыторыі нашай краіны афганцу дапамагалі беларусы, а грамадзяне Латвіі павінны былі пасадзейнічаць незаконна перасячы мяжу. Дзякуючы пільнасці пагранічнікаў, задуманае здзейсніць не ўдалося.
У адносінах да грамадзян Латвіі і Афганістана распачаты адміністрацыйны працэс, а з беларусамі праводзяцца праверачныя мерапрыемствы.

Таццяна Пятушка.