На Браслаўшчыне ідзе актыўная падрыхтоўка да летне-пашава сезона ўтрымання жывёлы

Новости
Сёння ў раёне яшчэ хапае кармавых запасаў, таму выганяць кароў на пашу ў сельгаспрадпрыемствах не спяшаюцца. Некаторыя ж гаспадаркі на мінулым тыдні з пацяпленнем і з’яўленнем зялёнай сакавітай травы прынялі рашэнне выводзіць на вуліцу цялушак.

Па словах першага намесніка начальніка райсельгасхарчу Людмілы Маслоўскай, цяпер у сельгаспрадпрыемствах раёна ідзе актыўная падрыхтоўка да летне-пашавага кругласутачнага ўтрымання БРЖ. Ужо адрамантаваны перасоўныя даільныя ўстаноўкі, збудаванні для начлегу пастухоў, падрыхтаваны бочкі для паення жывёлы. Дарэчы, самым вострым пытаннем перад кіраўніцтвам гаспадарак вясной застаецца пошук пастухоў.

У ААТ «Друйскі» ўжо тыдзень як маладняк гуляе на свежым паветры, але яму дадаткова падвозяць кармы. Таксама тут некалькі дзён таму назад вывелі на пашу 2 гурты кароў.

Толькі дзённы выгул арганізавалі ў «Слабодцыагра»: жывёлаводы раніцай выводзяць цялушак на спецыяльна выдзеленыя недалёка ад фермы тэрыторыі, а вечарам вяртаюць жывёлу пад дах.

Зноў жа, па словах Л. Маслоўскай, летась масавы выган пачаўся 10 мая, сёлета значна цяплейшая вясна, таму разлічваюць на адкрыццё сезона ўжо на наступным тыдні. Гаспадаркі гатовы да летне-пашавага ўтрымання, пакуль проста чакаюць стабільнага надвор’я і добрага травастою. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.