Пачытайце, якія гарады ўзнагароджаны вымпеламі «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»

Да 80-годдзя вызвалення Беларуси
Усё бліжэй юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У чарговым выпуску рубрыкі мы расказваем пра гарады, узнагароджаныя вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

БАРАНАВІЧЫ

Нямецкія войскі акупіравалі Баранавічы 27 чэрвеня 1941 года. Многія жыхары не паспелі выехаць. У горадзе сфарміравалася падполле і акруговая антыфашысцкая арганізацыя. Да канца 1943 года падпольшчыкі ўзарвалі 6 эшалонаў, спалілі будынак гаража з 5 машынамі і мэблевую фабрыку. Баранавічы вызвалены 8 ліпеня 1944 года, з 60 тысяч жыхароў з пачатку вайны ў горадзе засталося толькі 4 230 чалавек.

ДЗЯРЖЫНСК

Баі ў Дзяржынскім раёне пачаліся на пяты дзень вайны. У хуткім часе ў горадзе быў створаны антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму», які аб’яднаў падпольныя арганізацыі ў барацьбе з акупантамі. У гады вайны тут дзейнічалі восем партызанскіх брыгад і некалькі асобных атрадаў. У шэрагах народных мсціўцаў налічвалася каля 10 тысяч байцоў.

Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі пяць вёсак раёна падзялілі лёс Хатыні.

Дзяржынск і раён былі вызвалены ад фашыстаў 7 чэрвеня 1944 года.

ДЗЯТЛАВА

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна – 67 воінскіх пахаванняў, у тым ліку 13 брацкіх магіл. За гады вайны ў раёне загінулі, былі закатаваны, расстраляны і спалены больш за 17 тысяч жыхароў.

Першы партызанскі атрад тут быў створаны ў маі 1942 года. А ўжо восенню таго ж года дзейнічалі 3 атрады, якія аб’ядналіся ў Ленінскую партызанскую брыгаду, што злучылася з часцямі Чырвонай арміі 15 ліпеня 1944 года ў складзе чатырох атрадаў агульнай колькасцю 1 184 партызан. Доўгачаканае вызваленне прыйшло ў ліпені 1944 года, калі на тэрыторыю раёна ўступіла Чырвоная армія. Яна вызваляла яго разам з партызанамі.

ЛЮБАНЬ

Любань і раён былі вызвалены 30 чэрвеня 1944 года падчас Мінскай аперацыі. На працягу гэтага часу Любаншчына стала цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці. У мясцовых лясах базіраваліся падпольныя Мінскі і Любанскі райкамы КП(б)Б, штаб партызанскага злучэння Мінскай вобласці, Мінскі абкам і Любанскі райкам ЛКСМБ, выдаваліся падпольныя газеты.

За час вайны Любаншчына страціла кожнага трэцяга жыхара, насельніцтва раёна скарацілася на 16,2 тысячы чалавек. ■

Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.