Старшынёй Плюскага сельсавета абраны Генадзь Пілат

Новости
На Браслаўшчыне завяршыліся першыя сесіі сельскіх Саветаў дэпутатаў 29 склікання. На іх былі абраны старшыні сельсаветаў і іх намеснікі.

З удзелам лідара дэпутацкага корпуса раёна Ніны Пучынскай адбылася і першая сесія ў Плюскім сельсавеце. Ён мяжуе з Латвіяй, Мяжанскім, Слабодкаўскім, Друеўскім сельсаветамі і займае немалую тэрыторыю, на якой знаходзяцца 83 населеныя пункты, жывуць больш за 900 чалавек. Словам, тут вялікая зона адказнасці, і мясцовым органам улады хапае працы. Шэсць гадоў Плюскі сельсавет узначальвала Таццяна Мядзіль. Працавала яна старанна і скрупулёзна, аднак па асабістых прычынах вырашыла змяніць сферу сваёй дзейнасці і папрасіла зняць з яе паўнамоцтвы. «Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці Таццяне Савельеўне за яе клопаты пра мясцовых жыхароў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, выкананне сацыяльных паказчыкаў і пажадаць плёну і поспеху на новым месцы працы», – падзякавала Ніна Пучынская і ўручыла Т. Мядзіль Ганаровую грамату Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў.

Пасля вырашэння ўсіх арганізацыйных пытанняў на пасаду старшыні сельсавета была прапанавана кандыдатура Генадзя Пілата, які апошні час узначальваў Браслаўскі філіял «Віцебскаблпаліва»: ён жыве на тэрыторыі сельсавета, добра ведае яго тэрыторыю, людзей і іх праблемы. У ходзе тайнага галасавання дэпутаты адзінагалосна падтрымалі свайго земляка. Віншавальныя словы з гэтай нагоды выказала старшыня райсавета Ніна Пучынская і кіраўнікі мясцовых устаноў, старэйшыны. У сваю чаргу Г. Пілат падзякаваў за аказаны давер: «Спадзяюся, што разам мы зможам зрабіць жыццё нашага сельсавета больш камфортным і якасным». ■


Ва ўсіх сельсаветах на пасады старшынь абраны вопытныя, адказныя людзі, якія добра ведаюць падведамную тэрыторыю і якім давяраюць вяскоўцы. Як адзначыла старшыня райсавета Ніна Пучынская, выбары прайшлі згодна з заканадаўствам і ў адпаведныя тэрміны.


Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.