«Гэта быў незабыўны дзень!» Школьніцы з Браслаўскага раёна атрымалі пашпарты з рук Аляксандра Субоціна

Люди
Вучаніцам Опсаўскай сярэдняй школы Вераніцы Данілавай і Сафіі Сцефановіч Дзень Канстытуцыі запомніцца надоўга, бо яны пабывалі ў Віцебску і там атрымалі пашпарты.

Дзяўчатам пашанцавала трапіць у дэлегацыю 20 школьнікаў з усёй вобласці, якіх запрасілі на сустрэчу са старшынёй аблвыканкама Аляксандрам Субоціным. Кіраўнік паўночнага рэгіёна асабіста ўручыў пашпарты юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, спорце і грамадскай дзейнасці.

Школьнікі паўдзельнічалі ў адкрытым дыялогу з Аляксандрам Субоціным на тэму «Мы – грамадзяне Беларусі!», падчас якога актыўна задавалі пытанні і атрымлівалі змястоўныя адказы. Правялі іх і па калідорах абласнога выканаўчага камітэта. Старшыня паказаў падлеткам свой кабінет, расказаў пра працоўны дзень. Дзеці сфатаграфаваліся на памяць і нават пасядзелі ў крэсле кіраўніка вобласці.

«Гэтая паездка пакінула шмат прыемных уражанняў. Я задала пытанне Аляксандру Субоціну наконт яго школьнага жыцця. Для нас арганізавалі цудоўную праграму, акрамя экскурсіі па аблвыканкаме, быў прыгатаваны абед, а таксама паездка ў парк атракцыёнаў, дзе мы любаваліся на Віцебск з кола агляду. Пабывалі і ў музеі народнага мастацкага вучылішча. Гэта быў незабыўны дзень!» – падзялілася ўражаннямі Сафія Сцефановіч. ■

Алена НАБЕЕВА