Рэкорды Відзаўскага маслазавода і воўна для краіны. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 50 гадоў таму назад

Отдых
Калі вы служыце…

Воінская служба ў радах Узброеных Сіл СССР з’яўляецца ганаровым абавязкам савецкіх грамадзян. Армія і флот у нас акружаны ўсеагульнай любоўю і клопатам, і для прызваных на абавязковую службу ўстаноўлены шэраг ільгот, якія датычацца жыллёвых умоў уладальнікаў камунальных кватэр, выплат дапамог на дзяцей (15 руб. на адно дзіця і 22 руб. – на двух і больш; у сем’ях, звязаных з сельскай гаспадаркай, – адпаведна 7,50 і 12 руб.) і інш.

Воўна – дзяржаве
У калгасе імя Дзімітрава ёсць авечкагадоўчая ферма. Сёлета тут планавалі прадаць дзяржаве 300 кілаграмаў воўны. Заданне гэтае перавыканана: вяскоўцы прадалі 363 кг сыравіны, што складае 121 працэнт да плана. Паўтоны воўны паступіла з калгаса імя Суворава – як і было прадугледжана дзяржаўным заданнем. У ліку лепшых гаспадарак па продажы гэтай сыравіны знаходзяцца таксама калгасы імя Чапаева, імя Кірава, імя Заслонава.

Пабольш такіх двароў
Ідзеш у Казянах па цэнтральнай вуліцы – і міжволі ўвагу прыцягвае акуратны дом з прыгожа аформленай шыльдай «Дом узорнага парадку». Тут жыве пенсіянер У. І. Мацук. Змест надпісу цалкам апраўданы: дом пафарбаваны ў прыемны блакітны колер, вакол яго акуратная агароджа, за якой мноства кветак, у двары ідэальная чысціня. Хочацца, каб хат з такімі шыльдамі было больш.

Пра што расказваюць экспанаты
Шматлікія дакументы ў гісторыка-краязнаўчым музеі сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А. М. Жданава сведчаць пра выключныя падзеі, звязаныя з Вялікім Кастрычнікам. Экспанаты перадаюць, з якім энтузіязмам сустрэлі браслаўчане вестку пра Кастрычніцкую рэвалюцыю. Так, канферэнцыя рабочых, сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў аднадушна пастанавіла падтрымліваць родную савецкую ўладу і паслала прывітальную тэлеграму У. І. Леніну.


Сваімі адносінамі да работы, ветлівым абслугоўваннем начальнік пашпартнага стала В. М. Авяр’янаў, пашпартыстка С. П. Пяткевіч і інспектар аддзела віз і дазволу В. П. Юркевіч заслужылі павагу ў грамадзян.


Пяцігодку – датэрмінова
Калектыў Відзаўскага маслазавода настойліва змагаецца за датэрміновае завяршэнне заданняў трэцяга, рашаючага года пяцігодкі. Дзесяцімесячны план па выпуску сметанковага масла выкананы на 130 працэнтаў. Больш намечанага выраблена абястлушчанага тварагу, забяспечваецца своечасовая адпраўка малака для Глыбоцкага малочнага камбіната.

Санітарыя і гігіена – спадарожнікі здароўя
У школах раёна маюць месца парушэнні санітарнагігіенічных норм. Гэта датычыць рэжыму тэмпературы і праветрывання, рассаджвання вучняў у адпаведнасці са здароўем. Дрэнныя справы і з асвятленнем класаў. Не ўсюды абсталяваны фантанчыкі для піцця, толькі 12 школ забяспечваюць гарачыя абеды, у астатніх выдаюцца булачкі або хлеб, чай. Выяўленыя парушэнні патрабуюць неадкладнага ўхілення.

Хроніка гарадскога жыцця
– Камбінат бытавога абслугоўвання пачаў выраб пальчатак са скуры і яе замяняльнікаў. Па заказах выконваецца таксама вязка хустак са штучных нітак.
– У пачатку месяца аўтабаза № 18 атрымала яшчэ адзін аўтобус «ПАЗ-672». Цяпер у прадпрыемстве налічваецца 45 аўтобусаў, якія штодзённа курсіруюць па 38 маршрутах.

Заданне перавыканана
Выдатна працуе сёлета калектыў аддзела «Тканіны – трыкатаж» Браслаўскага ўнівермага. За 10 месяцаў бягучага года план тавараабароту выкананы на 105 працэнтаў. Асабліва стараліся работнікі прылаўка ў перадсвяточныя дні. Пры месячным заданні 82 тысячы рублёў тут ужо прададзена тавараў на 20 тыс. А за два дні – 5 і 6 лістапада – выручка склала 6 600 руб.

Заганная традыцыя
У калгасе «Уперад» умеюць вырасціць добры ўраджай, атрымаць высокія надоі і прывагі жывёлы. А вось правільна эксплуатаваць і беражліва захоўваць тэхніку так і не навучыліся. Адных трактароў тут больш як 40, шмат іншых механізмаў, і практычна ўсе яны не падрыхтаваны да зімовага захоўвання і проста ржавеюць. Між тым дбайныя гаспадары нават металалом укрываюць ад непагадзі.

Як стаць сапраўды культурным
У Браслаўскай васьмігадовай школе адбылася адкрытая выхаваўчая гадзіна «Як стаць сапраўды культурным чалавекам». Да ўрока сур’ёзна рыхтаваліся ўсе вучні. Кожны хацеў выказацца, падзяліцца сваімі думкамі. Настаўнікі расказалі, што значыць культурны чалавек, на прыкладах жыцця выдатных савецкіх людзей паказалі, якімі павінны быць сапраўдныя будаўнікі камунізму. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО