Раўняемся на лепшых! Механізатары з «Маяка» заўсёды ў перадавіках

Новости
Нашы пастаянныя чытачы ўжо, напэўна, пазнаюць кожнага з гэтых мужчын па твары. Іх партрэты даволі часта з’яўляюцца на старонках раёнкі, бо гэта адны з лепшых работнікаў СВК «Маяк Браслаўскі».

Безумоўна, спіс перадавікоў гаспадаркі намнога большы, але сёлета ў яго трапілі менавіта Міхаіл Вайтанец, Антон Вайтанец, Іван Кульпа і Эдуард Вайтанец. Разам яны ўжо выпрацавалі агульны стаж 105 гадоў. Шчырая праца штогод выводзіць механізатараў у лідары сярод калег у гаспадарцы і раёне. Міхаіл, Антон і Іван універсалы: вясной мяняюць «Расу» на трактар, у жніво перасаджваюцца на камбайны. Усе яны ў гэтым годзе намалацілі больш за тысячу тон збожжа. А падчас корманарыхтоўкі Іван Кульп на сваім «Ягуары» ў адзіночку ўбраў 355 га кукурузы на сілас.

Эдуад – вадзіцель МАЗа. На сваім транспарце ён часцей за ўсё задзейнічаны на адвозцы збожжа або кармоў. Напрыклад, сёлета падчас уборкі ўраджаю ён першым у раёне перавёз тысячу тон умоўнага збожжа, а ўсяго амаль за 2 200 тон.

Калі казаць менавіта пра гэтых «маякоўцаў», то можна адзначыць, што ўсе яны працавітыя, адказныя і, безумоўна, адданыя сваёй любімай справе. ■

Ольга ПОТАПОВИЧ