Трактарыст ААТ «Агравідзы»: «Ды што пра мяне пісаць, усё жыццё працую тут – у адной гаспадарцы»

Люди
Вясковыя людзі звычайна вельмі працалюбівыя і адданыя сваёй справе. У той жа час яны даволі сціплыя: не любяць хваліцца і гаварыць лішняе, лепш што-небудзь карыснае зробяць. Так і трактарыст ААТ «Агравідзы» Анатоль Кірпічонак сустрэў мяне словамі: «Ды што пра мяне пісаць, усё жыццё працую тут – у адной гаспадарцы, усё жыццё на трактары, вось і ўвесь расказ».

Крыху мы ўсё ж такі разгаварыліся з Анатолем Уладзіміравічам, пагутарылі, так бы мовіць, пра вясковае жыццё-быццё. І сапраўды, усе свае асэнсаваныя дарослыя гады ён працуе тут – у роднай гаспадарцы. Гэта цяпер яна «Агравідзы». А як толькі раней не называлася! Рознае прыйшлося перажыць: і перайменаванне, і раздзяленне, і аб’яднанне. Але нязменнай для А. Кірпічонка заставалася штодзённая праца на трактары. Ён кажа:

– Як прыйшоў сюды ў 1979 годзе так і працую, перапынак толькі на службу ў войску быў. Вось пасля васьмі класаў паступіў у мясцовае вучылішча на трактарыста, вывучыўся і раблю. Нават на часовым пасведчанні ўжо ездзіў на трактары ў гаспадарцы. Маці ў мяне была настаўніцай, я адзін у яе, трэба было дапамагаць, лішняя капейка лічылася толькі за радасць. Таму ўласнага хлеба прыйшлося рана паспытаць.

Аднак на жыццё Анатоль Уладзіміравіч не скардзіцца. З нейкай цеплынёй і радасцю ён расказвае пра тое, як хутка авалодаў усімі відамі сельскагаспадарчых работ, дасканала вывучыў трактар ды і абавязкаў камбайнера не цураўся. Папрацаваў і на травяным, і на збожжавым камбайне – і на «Ніве», і на «Доне». Але прызнаецца, што перавагу аддае ўсё ж такі трактару. Гэта, лічыць А. Кірпічонак, універсальная машына, якая выконвае не адну работу, а кожны раз ператвараецца: з плугам – араты, з прычэпам – транспартны сродак, з камбайнам – уборачная тэхніка. Трактар сее, уносіць угнаенні, жне, качае ваду, пракладвае траншэі, карчуе дрэвы, абслугоўвае фермы… Акрамя гэтага, ён прымае непасрэдны ўдзел у зборы розных сельскагаспадарчых культур. Зразумела, усё, што вырасла на полі, павінна быць сабраным у кароткі тэрмін, і трактарыст – самы актыўны ўдзельнік гэтага працэсу. Так і ёсць на самай справе.

Апошнія тры гады Анатоль Уладзіміравіч працуе ўжо на пенсіі. Работнікаў не хапае, а ён адчувае яшчэ сілы дапамагчы гаспадарцы. Цяпер нязменны яго спадарожнік – новы трактар. На ім ён акурат пасля размовы і паехаў рыхтаваць зялёную масу. «Жывёлу трэба карміць, у яе выхадных не бывае, ды і гэта наш заробак», – філасофскі разважае трактарыст.

Зарабляць жа ёсць для каго. Разам з жонкай, якая працуе тут жа ў гаспадарцы бухгалтарам, А. Кірпічонак выхаваў дзвюх дачок, вось настаў час унукаў, іх – чацвёра. Таму пасля работы прыходзіцца папрацаваць і дома: гаспадары трымаюць дзвюх кароў, свіней, курэй… Дарэчы, свята з добрым настроем будуць сустракаць не толькі бацькі, але і адна з дачок, якая працуе на Пастаўскім малаказаводзе ў сырным цэху. ■

Вера БУЛАНАВА