Галоўны інжынер са стажам 50 гадоў: «Тэхніка мянялася на маіх вачах»

Люди
Амаль 50 гадоў працуе ў сельскагаспадарчай сферы Браслаўшчыны галоўны інжынер ААТ «Друйскі» Станіслаў Аўчынка.

На яго вачах ўдасканальвалася тэхніка, змяняліся спецыялісты і падыходы да працы. Нязменным заставалася толькі яго жаданне – жыць і працаваць на малой радзіме.

С. Аўчынка родам з вёскі Чэрнева. Яго бацькі ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы. З дзяцінства ён дапамагаў ім па хатніх справах, нярэдка быў памочнікам у бацькі падчас жніва. «Мой тата стаяў ля вытокаў стварэння калгасаў, разам з мамай яны шчыра працавалі на зямлі, былі для мяне прыкладам ва ўсім», – кажа Станіслаў. Бачачы перад сабой прыклад сумленных і працалюбівых людзей, не дзіўна, што і ён абраў шлях служэння роднай зямлі.

Пачынаў пасля арміі ў мясцовым калгасе вадзіцелем. Працаваў пэўны час на рознай тэхніцы. «Машыны, трактары, камбайны ўдасканальваліся і меняліся на маіх вачах. Я, напрыклад, некалі нават працаваў на камбайне СК-4. Гэта адна з першых распрацавок, яшчэ з адкрытай кабінай. А цяпер, паглядзіце, якая сучасная тэхніка!», – заўважае мужчына.

У 1986 годзе С. Аўчынка заняў пасаду галоўнага інжынера ў саўгасе «Друйскі». Тут працуе і па сённяшні дзень. Кола яго абавязкаў шырокае – ад парадку ў аўтапарку да камплектавання яго запчасткамі. Адна з галоўных задач – забяспечыць гатоўнасць тэхнікі да работы, каб не было прастою. Нагрузка на аўтапарк сельгаспрадпрыемства вялікая круглы год, аднак найбольшая – у летні сезон і ў пачатку восенькага, калі неабходна аператыўна ўбіраць збожжавыя, займацца нарыхтоўка кармоў і адразу рыхтаваць глебу да сяўбы. Спрактыкаванасць і вопыт дазваляюць галоўнаму інжынеру прадугледжваць многія сітуацыі на некалькі крокаў наперад, планаваць работу так, каб рэагаваць на ўсё хутка і якасна.

Па параду да вопытнага калегі пастаянна звяртаецца моладзь. Ён для яе – і настаўнік, і дарадца, і сябар. «Іосіфавіч заўсёды дапаможа. Ён добры кіраўнік, усё ведае, умее, хутка вырашае пытанні. Калі трэба – і пасварыць, але ж за справу», – адгукаецца пра яго моладзь сельгаспрадпрыемства.

Адбыўся Станіслаў Аўчынка не толькі як прафесіянал у сваёй справе. Разам з жонкай ён выгадаваў траіх дзяцей. Адзін з сыноў працуе разам з бацькам у ААТ «Друйскі». Такім чынам, сельскагаспадарчая дынастыя працягваецца ўжо ў трэцім пакаленні. ■

Елена НАБЕЕВА