Забяспечыць эканоміку, чаго б гэта ні каштавала. Лукашэнка пра галоўную задачу ўрада

Новости
Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдалося зламаць Беларусь і не ўдасца. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 сакавіка на пасяджэнні Савета Міністраў пад кіраўніцтвам беларускага лідара аб выніках работы эканомікі за 2022 год і вырашэнні актуальных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2023-м.

«Мы пражылі няпросты 2022 год. На нас, як вядома, спрабавалі націскаць па ўсіх напрамках. Пад удар трапілі ключавыя экспартныя галіны, 40 працэнтаў нашых традыцыйных рынкаў збыту, транспартна-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў», – адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта не проста жаданне паралізаваць нашу эканоміку, а планамерная спроба пазбавіць звычайных людзей сродкаў да існавання. «Як вынік – выклікаць сацыяльны выбух, які паставіў бы пытанне пра тое, ці застанецца на палітычнай карце свету такая дзяржава, як наша. Як і раней, з усёй адказнасцю заяўляю: застанецца. І будзе толькі мацнейшай. Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдасца нас зламаць, як і не ўдавалася да гэтага часу», – сказаў А. Лукашэнка.

У такой няпростай сітуацыі галоўнай задачай для прэм’ер-міністра, урада і ўсёй вертыкалі ўлады, нагадаў Прэзідэнт, было забяспечыць эфектыўную работу эканомікі, стабільнасць сацыяльна-працоўнай сферы і падтрымліваць узровень дабрабыту насельніцтва.

«Усё трымаецца на эканоміцы. Усякая бяспека, барацьба з беспілотнікамі, бандытамі, тэрарыстамі – усё ў эканоміцы. Будзе эканоміка – усё астатняе мы вырашым. На працягу года мы не раз праводзілі нарады, выпрацоўвалі папераджальныя і кампенсуючыя меры, ацэньвалі іх дзейснасць, знаходзілі вокны магчымасцей. Такім чынам атрымалі каласальны вопыт развіцця нават у такіх беспрэцэдэнтных умовах. Таму можна з упэўненасцю гаварыць, што экзамен на эканамічную ўстойлівасць мы ў цэлым вытрымалі», – рэзюмаваў Прэзідэнт. ■

Паводле матэрыялаў БелТА