Уваходзіць у дзясятку лепшых банкаўскіх спецыялістаў вобласці. Марыя Чанчына – «Лепшая па прафесіі»

Люди
Марыя Чанчына – спецыяліст па продажы рознічных банкаўскіх прадуктаў 1 катэгорыі сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 205 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Браслаў.

У банкаўскай сферы яна не навічок. Гэтую прывабную жанчыну ведаюць многія кліенты ЦБП № 205. Яна даходліва і зразумела расказвае пра крэдыты, карты, кансультуе па самых розных пытаннях, якія тычацца паслуг банка. Некаторыя ж браслаўчане нават імкнуцца трапіць на абслугоўванне менавіта да яе.

Марыя прызнаецца, што размаўляе з людзьмі так, як хацела б, каб звярталіся да яе самой. Напэўна, гэта адзін з сакрэтаў яе паспяховасці як спецыяліста. Таксама яна ўмела знаходзіць падыходы да людзей, можа іх пераканаць, знайсці важкія аргументы. У гэтым ёй дапамагае значны вопыт працы: М. Чанчына працуе ў «Беларусбанку» з 2011 года. Пачынала ў аддзяленні ў Опсе, вывела яго ў лідары сярод аналагічных і як перспектыўны супрацоўнік была запрошана на працу ў Браслаў.

Кіраўніцтва адзначае, што Марыя хутка спраўляецца з даручэннямі, правільна плануе свой працоўны дзень і настойлівая ў выкананні пачатай справы. Гэта дазваляе ёй уваходзіць у дзясятку лепшых спецыялістаў па продажы сярод банкаўскіх устаноў ў вобласці. Па выніках конкурсу «Лепшы спецыяліст рознічнага бізнесу» ўнутры ЦБП № 205 прызнана лідарам сярод калег за 2022 год, а да гэтага часу станавілася пераможніцай і ў 2019, і 2020 гадах. Неаднаразова была лідарам у матывацыйных кампаніях з міжнароднай плацёжнай сістэмай Mastercard WordWide, са страхавымі партнёрамі СБА ЗАСТ «Купала» і ЗАСТ «Прамтрансінвест». Пры гэтым яна пастаянна павышае сваю прафесіянальную кампетэнтнасць і займаецца самаадукацыяй.

За стараннасць і выкананне паказчыкаў спецыяліст неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі рознага ўзроўню. Летась ёй уручылі нагрудны знак «Беларусбанку – 100 год».

Узорная ў абавязках на рабоце, Марыя Чанчына служыць прыкладам і ў грамадскай дзейнасці. Яна выступае за банк у розных спаборніцтвах, прадстаўляе калектыў у культурна-масавых мерапрыемствах. Актыўны лад жыцця прапагандуе і сваім дзецям: яны часта вандруюць і пазнавальна праводзяць сумесны час. ■

Алена НАБЕЕВА