«Не магу працаваць не ў поўную моц». Антон Вайтанец – «Лепшы па прафесіі»

Люди
Напэўна, у кожнай сферы ёсць такія людзі, якія выконваюць любую работу бездакорна. Іх заслужана цэніць кіраўніцтва і паважаюць калегі, менавіта такім работнікам і з’яўляецца Антон Вайтанец, механізатар СВК «Маяк Браслаўскі».

Калі гутарыш, да прыкладу, з начальнікам аддзялення, ён часта кажа, што Антон выдатна падрыхтаваў тэхніку, першым выехаў у поле, засеяў ці абмалаціў больш за іншых.

На самай справе А. Вайтанец – універсальны работнік. Ён працуе на трактары з рознымі прычапнымі агрэгатамі, камбайне, менавіта яго можна сустрэць на эксперыментальным полі, дзе, напрыклад, упершыню ўбіраюць ураджай новым прыстасаваннем.

Каб не быць галаслоўнай, раскажу, якія работы выконваў Антон у мінулым сельскагаспадарчым годзе. Вясной ён уносіў КАСы, сеяў кукурузу і яравыя культуры, падчас нарыхтоўкі кармоў адвозіў на трактары з ПІМам зялёную масу, у час жніва перасеў на камбайн, восенню зноў сеяў, толькі ўжо азімыя, а потым на камбайне са спецыяльнай прыстаўкай убіраў кукурузу. Дарэчы, у гаспадарцы толькі два механізатары – Антон Вайтанец і Валерый Анісімаў – штогод займаюцца ўборкай царыцы палёў.

Антон расказвае, што любая праца на полі вельмі адказная, бо ад яе залежыць якасць і колькасць сабранага ўраджаю, а значыць, эканамічны стан сельгаспрадпрыемства, які ў сваю чаргу ўплывае на дабрабыт людзей. Разумеючы гэтыя простыя ісціны, А. Вайтанец прызнаецца, што не можа працаваць не ў поўную моц.

У гэтыя зімовыя дні на сваім МТЗ-1523 ён вывозіць на палеткі арганіку, а калі патрабуецца, чапляе лапату і чысціць снег. Зіма для аграрыяў – яшчэ і пара водпускаў, калі можна больш часу правесці з сям’ёй, удзяліць увагу рамонту ў хаце ці, напрыклад, парыбачыць. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ