Браслаўчане заваявалі 9 дыпломаў за прызавыя месцы і Гран-Пры на конкурсе дзіцячай творчасці «Да сонца»

Новости
Традыцыйны рэгіянальны конкурс дзіцячай творчасці «Да сонца» сёлета адбыўся дзявяты раз. За часы свайго існавання ён стаў вядомы не толькі ў Браслаўскім раёне, але і за яго межамі, таму штогод да яго далучаецца ўсё больш выканаўцаў.

Сёлета на конкурс, акрамя мясцовых устаноў, заяўкі падалі юныя музыканты і вакалісты з Пастаў, Мінска, Талочына, Докшыц і Шаркаўшчыны.

Творчае спаборніцтва адбывалася ў інструментальным і вакальным жанрах. Ацэньвала журы канкурсантаў па відэа.

Трэба адзначыць, што браслаўчане выступілі вельмі ўдала і ў выніку атрымалі 9 дыпломаў за прызавыя месцы. Уладальнікам Гран-пры конкурсу стаў таксама вучань Браслаўскай ДШМ – баяніст Уладзімір Чагарын.

З творчымі дасягненнямі юных музыкантаў і іх педагогаў павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына. Яна ж уручыла музыкантам і вакалістам іх узнагароды, а настаўнікам – падзякі. ■

Алена НАБЕЕВА