У Опсаўскай школе зрабілі святочную фотазону, прысвечаную 85-годдзю Віцебскай вобласці

Новости
«Тата можа ўсё, што заўгодна!». Гэтыя словы з вядомай дзіцячай песні яшчэ раз пацвердзілі сваімі справамі бацькі навучэнцаў з Опсаўскай сярэдняй школы, дзе кожную чацвёртую суботу месяца хлапчукі і дзяўчынкі 5 – 8 класаў ідуць у школу разам з дарослымі, каб далучыцца да праекта «Ні дня без таты!».

Кожны раз для яго ўдзельнікаў знаходзяцца новыя займальныя заняткі: экскурсіі, велапрабегі, паходы, спартыўныя спаборніцтвы, тэатралізаваныя паказы. Цяпер жа для моцных і ўмелых бацькоўскіх рук знайшлася справа ў школьнай майстэрні. «Сваімі справамі славім краіну!» – пад такім дэвізам прайшло чарговае мерапрыемства ў рамках праекта.

У школьнай майстэрні ўжо з самай раніцы было шматлюдна: сюды прыйшлі Руслан Хром з дачкой Дзінай, Марыс Гулькевіч з сынам Ільёй, Мікалай Шпец з сынам Антонам, а галаву шматдзетнага сямейства Дзмітрыя Маркушонка пажадала падтрымаць разам з сынам Уладам і мама.

Наша Віцебшчына святкуе знамянальную дату – 85 гадоў з часу стварэння. Было вырашана да юбілею вобласці зрабіць адпаведныя лічбы, каб аформіць святочную фотазону. І праца закіпела! Таты хутка знайшлі агульную мову, працавалі з электраінструментамі, якія яны прынеслі з сабой. Дзеці актыўна дапамагалі сваім бацькам: наносілі разметку, зачышчалі краі, фарбавалі. Калі ж праца была скончана, усе ўдзельнікі праекта сабраліся разам за сталом, каб падзяліцца ўражаннямі, падмацавацца выпечкай і духмяным чаем. Дзецям надзвычай спадабалася працаваць плячом да пляча са сваімі татамі, а тыя ў сваю чаргу ганарыліся юнымі памочнікамі, бо навучылі сыноў і дачок любіць працу.

Так агульнымі намаганнямі бацькоў і дзяцей у нашай школе з’явілася фотазона да 85-годдзя Віцебскай вобласці. ■

Соф’я СЦЕФАНОВІЧ, навучэнка Опсаўскай СШ