Лукашэнка: мы задаволены вынікамі абмеркавання адзінага рынку газу і цэн на найбліжэйшыя тры гады

Новости
У цяперашні час фактычна вызначаецца будучыня беларускага і расійскага народаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перамоў у Мінску з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Акцэнт пры гэтым быў зроблены на стратэгічных напрамках, перш за ўсё ў сферы эканомікі. «Сёння можна адназначна канстатаваць: разам мы змаглі не толькі выстаяць, але і знайсці магчымасці для развіцця нашых эканомік. Прычым нечакана для ўсіх. І перш за ўсё тых, хто ствараў нам складанасці», – падкрэсліў беларускі лідар.

Паралельна Прэзідэнт выказаўся на тэму захавання нашай краінай суверэнітэту. «Казаць, што хтосьці кагосьці паглынае… Паўстае пытанне, а навошта? Расія заўсёды ішла нам насустрач. Няма сёння ні аднаго пытання, якое б мы не вырашылі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У аналагічным ключы кіраўнік дзяржавы выказаўся і ў пытанні бяспекі і абароны. «Але давайце шчыра: ці ў стане мы ў адзіночку без Расіі абараніць сваю незалежнасць і суверэнітэт?» – падкрэсліў ён.

На перамовах размова ішла таксама пра атамную энергетыку і супрацоўніцтва ў гэтым напрамку, фарміраванне адзінага рынку газу і цэн на яго на бліжэйшыя тры гады. Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы задаволены вынікамі абмеркавання». ■

Па матэрыялах БелТА