У Браславе прайшлі ўрачыстасці ў гонар 1030-годдзя Полацкай епархіі

Новости
Адной з вызначальных падзей Года гістарычнай памяці з’яўляецца юбілей Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая сёлета адзначае сваё 1030-годдзе. Столькі ж спаўняецца і Полацкай епархіі – першай з заснаваных на тэрыторыі нашай краіны. У рамках святкавання гэтай значнай даты ў Браславе на базе дзіцячай школы мастацтваў супрацоўнікі ўстановы, цэнтральнай бібліятэкі і краязнаўчага музея правялі гістарычна-музычны экскурс «У пачатку было Слова…».

Ужо пры ўваходзе ў ДШМ яе навучэнцы, наведвальнікі аздараўленчага лагера СШ № 1 імя А. М. Жданава і прадстаўнікі грамадскасці, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, пранікліся яго атмасферай: у фае іх сустракала тэматычная кніжная выстава «Жывое слова мудрасці духоўнай». Бібліятэкар Лілія Панько, прадстаўляючы маляўніча аформленыя выданні, расказала пра гісторыю развіцця Беларускай Праваслаўнай Царквы і час заснавання Полацкай епархіі, узгадала нашых славутых святых-асветнікаў і дзеячаў культуры, прадэманстравала кнігі пра мастацтва стварэння ікон і велічныя храмы. У экспазіцыі таксама былі творы праваслаўнай літаратуры – апавяданні пра дабро і зло, людзей і іх учынкі, прыстойныя паводзіны. З усімі выданнямі, дарэчы, можна пазнаёміцца ў чытальнай зале бібліятэкі.

Наступная частка экскурсу датычылася звестак пра Полацкую епархію.

Ганаровы госць мерапрыемства – свяшчэннік Свята-Панцеляіманаўскага манастыра іерэй Яўгеній Бугаёў, узгадаўшы пра даўнія часы станаўлення праваслаўя, расказаў пра яго падзвіжнікаў, будаўніцтва самых славутых храмаў Полацкай епархіі і акцэнтаваў увагу на той вялікай падтрымцы, якую вера аказвала людзям ва ўсе часы, у тым ліку ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён заклікаў аўдыторыю з Божай дапамогай несці дабро іншым.

Пазнаёміліся ўдзельнікі мерапрыемства і з гісторыяй старажытнага браслаўскага храма – Свята-Успенскай царквы. Яе прадставіла навуковы супрацоўнік музея Вераніка Гайдулевіч.


Епархія – гэта царкоўнаадміністрацыйная акруга, якая складаецца з прыходаў, аб’яднаных ў благачынні, і манастыроў, што знаходзяцца на яе тэрыторыі. Кіруе ёй архірэй – яго таму называюць правячым. Полацкая епархія была створана ў 992 годзе. Праз больш як восем стагоддзяў, у 1833 г., яна ўключала ў сябе Віцебскую, Віленскую і Курляндскую губерні. Цяпер тэрыторыя Полацкай епархіі вызначана ў межах 10-ці адміністрацыйных раёнаў Віцебскай вобласці і гарадоў Полацка і Наваполацка.


Тэму экскурсу падтрымлівалі таксама нумары ў выкананні навучэнцаў і педагогаў дзіцячай школы мастацтваў: узвышанае гучанне духоўнай музыкі нагадвала прысутным пра чалавечыя каштоўнасці, прыгажосць і гармонію. ■

Жанна БЯЛЬКО