Вучэнні грамадзянскай абароны і выйграны ў латарэю «Запарожац». Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад у сакавіку 1977-га

Отдых
10 – 11 САКАВІКА – ВУЧЭННІ ГА

У раёне запланаваны вучэнні па грамадзянскай абароне. Удзел у іх прымуць штабы службы ГА, камандна-кіраўніцкі і асабовы састаў ГА гаспадарак, прамысловых прадпрыемстваў, сярэдніх школ і ўсё насельніцтва раёна. Наш народ жыве ў мірных умовах 32-гі год. Мы верым у мір і змагаемся за яго. Але імперыялістычныя дзяржавы маюць сродкі масавага паражэння, ад якіх насельніцтву трэба вучыцца абараняцца. У нашай мясцовасці жыхары павінны ўмець прыстасоўваць свае пабудовы для абароны ад радыёактыўнага пылу і абараняць органы дыхання.

РАЁННЫ ЗЛЁТ МАЛЬЧЫШОЎ

У раённым Доме культуры прайшоў злёт мальчышоў пад дэвізам «Мы – дзеці рэвалюцыі, нашчадкі бацькоў!». Пад гукі дзіцячага духавога аркестра юныя ленінцы ўнеслі піянерскі сцяг, распавялі пра свае справы, паслухалі расказ удзельніка Вялікай Айчыннай вайны І. Ф. Агейчыка. Цікавай была літаратурна-музычная кампазіцыя, аповеды жданаўцаў пра работу чырвоных следапытаў ды паведамленні далёкаўскіх цімураўцаў. Прайшоў конкурс юных мастакоў «Помнікі вачыма дзяцей» і спаборніцтва «Эрудыты, наперад!». Актыўныя ўдзельнікі злёту атрымалі прызы.

ТРЭНІРОЎКІ МІЖВОЛІ

Нядаўна рэдакцыя атрымала ліст: «Браце Ёрш! Дапамажы нам, калі ласка, наладзіць рэгулярны рух аўтобуса па маршруце Браслаў – Спрынды. Увесь студзень і люты ён курсіраваў толькі да Быстрамаўцаў, і нашы дзеці вымушаны хадзіць у школу пешшу па 10 – 12 кіламетраў. Безумоўна, гэта карысна, бо загартоўвае іх фізічна. Але цікава ведаць, як бы адчувалі сябе кіраўнікі аўтабазы пасля такога штодзённага «мацыёну»? Не зашкодзіла б правесці такі ж эксперымент і з работнікамі ДЭУ-142, бо па дарозе хутка нельга будзе прайсці, не тое што праехаць».

ЧАКАЕМ ВАС, АЎТААМАТАРЫ

Нядаўна адбыўся сход рабочых і служачых горада, якія маюць у асабістым карыстанні аўтамашыны і матацыклы. На ім абмеркавалі пытанне стварэння пры гарсавеце пярвічнай арганізацыі Беларускага таварыства аўтамотааматараў. У яе запрашаюцца ўсе ўладальнікі машын або матацыклаў, а таксама тыя, хто іх не мае, але пажадае далучыцца. БТАМА дзейнічае ў цесным кантакце з Дзяржаўтаінспекцыяй і будзе весці паўсядзённую работу па павышэнні майстэрства вадзіцеляў, вывучэнні правіл дарожнага руху і іх захоўванні, каб звесці да мінімуму аварыі.

ПЛАН ПАВІНЕН БЫЦЬ ВЫКАНАНЫ

У раёне ўдзяляецца недастатковая ўвага закупу ў насельніцтва малака. На сярэдзіну сакавіка яго аб’ёмы зменшыліся на 104 т у параўнанні з мінулагоднім перыядам – гэта пагражае зрывам квартальнага плана. У многіх гаспадарках дрэнна арганізавана работа малаказборшчыкаў: яны не аб’язджаюць усе населеныя пункты, а ў выхадныя дні здаць малако ўвогуле нельга. На абодвух заводах не наладжана належным чынам прыёмка масла ад насельніцтва. Неабходна весці растлумачальную работу, і важна, каб мясцовыя актывісты прынялі ўдзел у продажы малака, служылі прыкладам.

ЗВАРОТ МАЛАДЫХ ЖЫВЁЛАВОДАЎ

Дарагія выпускнікі, нашы юныя сябры! У жыцці кожнага маладога чалавека наступае такі час, калі яму неабходна змерыць уласныя інтарэсы з запатрабаваннямі грамадства і выбраць будучую прафесію. Усялякая работа ў нашай краіне важная і ганаровая, таму на любой можна стаць зоркай першай велічыні, сапраўдным майстрам сваёй справы. Мы выраслі ў вёсцы, ведаем, як працуюць нашы бацькі і суседзі, бачым, якія вялікія сацыяльныя змены тут адбываюцца. Заклікаем вас смела ісці працаваць у жывёлагадоўлю, дзе так неабходны вашы веды, энергія і гарачыя камсамольскія сэрцы.

ШЧАСЛІВЫЯ БІЛЕТЫ

У цэнтральную ашчадную касу звярнуліся прадаўцы Ахрэмаўскага прамтаварнага магазіна. Яны праверылі латарэйныя білеты навагодняга выпуску, і два з іх аказаліся шчаслівымі. Т. У. Лабэцкая выйграла піяніна коштам 675 рублёў, а А. П. Максімовіч – матацыкл «Мінск» за 397 руб. Крыху пазней пашанцавала жыхару Браслава Р. І. Шпаку: па білеце латарэі, прысвечанай Міжнароднаму жаночаму дню, ён стаў уладальнікам матацыкла «Днепр» коштам 1 640 руб. А самы дарагі выйгрыш дастаўся Я. Г. Цыўнялю – аўтамашына «Запарожац». ■