У аграгарадку Мількі заклалі алею з 64 бяроз

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
У рамках рэспубліканскай акцыі «Пасадзі дрэва» экалагічнага руху «Разам за чыстую і зялёную краіну» ва ўсіх сельсаветах Браслаўскага раёна з’явяцца новыя алеі і скверы. Першымі да гэтай справы прыступілі ў Цяцеркаўскім.

У аграгарадку Мількі на гэтым тыдні заклалі алею з 64 бяроз. Такім чынам было працягнута добраўпарадкаванне зоны адпачынку, якая пачала змяняць свой выгляд некалькі гадоў таму назад, калі мясцовыя ўлады сумесна з КУСП «Браслаўскі» і вясковымі актывістамі пачысцілі старую сажалку, усталявалі альтанку, лавачкі, пасеялі газон, высадзілі першыя дрэвы. Сёлета з саджанцамі зноў дапамог нацыянальны парк. Да акцыі далучыліся сяльчане, школьнікі Ахрэмаўскай школы, работнікі сацыяльных устаноў. Прыняць удзел у высакароднай справе прыехала таксама старшыня райсавета Ніна Пучынская, якая, дарэчы, з’яўляецца дэпутатам па гэтай акрузе.

У выніку сумеснай працы і была закладзена бярозавая алея, ужо праз лічаныя гады яна будзе радаваць мясцовых жыхароў і гасцей аграгарадка.

«Аналагічныя мерапрыемствы пройдуць і ў іншых населеных пунктах. Пасадка дрэў дае добрую магчымасць змяніць аблічча аграгарадкоў і вёсак, зрабіць іх больш прыгожымі і прывабнымі, а ўдзел у гэтай справе падрастаючага пакалення дае і выхаваўчы эфект. Толькі разам мы можам зрабіць нашу радзіму больш утульнай», – падкрэсліла Ніна Пучынская. ■

Алена НАБЕЕВА