Жыць у вёсцы, каб ужываць экалагічныя прадукты

Люди

Так здаўна павялося, што ўявіць сельскіх жыхароў без уласнай гаспадаркі немагчыма. Гэтыя працавітыя людзі занятыя на зямлі змалку: апрацоўваюць, сеюць, збіраюць ураджай, гадуюць жывёлу.

Гэтых простых жыццёвых законаў прытрымліваецца і сям’я Скур’ятоў з в. Арцемавічы Далёкаўскага сельсавета. З маленства прывучаныя да сялянскай працы Тамара і Уладзімір не ўяўляюць жыцця без разнастайнай жыўнасці ў хлеўчуку.

Першых некалькі жывёлін сям’я атрымала ў падарунак ад бацькоў. Цяпер клопатнае падвор’е налічвае каля 100 авечак, дзвюх кароў і шмат разнастайнай дробнай птушкі.

— Выраслі на ўсім «хатнім», — кажа Уладзімір, — таму да магазіннага прызвычаіцца даволі цяжка, ды і сына хацелі б выгадаваць на натуральным.

Каб пракарміць сваю жывёлу, Скур’яты апрацоўваюць нямала гектараў зямлі, садзяць бульбу і кармавыя буракі, летам завіхаюцца на нарыхтоўцы сена. Нямала вырошчваюць і іншай агародніны. Таму, дзякуючы іх руплівасці, большасць прадуктаў у доме свае, карысныя і смачныя.

Лішкі малака гаспадары здаюць дзяржаве, і недахопу ў пакупніках на мяса няма. А гэта, безумоўна, прыбаўка да сямейнага бюджэту. Але, каб мець дадатковы рубель, колькі трэба папрацаваць, недаспаць, ды і якімі меркамі можна вылічыць чалавечыя сілы, затрачаныя на нялёгкую сялянскую працу.

Праўда, Тамара і Уладзімір пра гэта не задумваюцца, бо ўжо так уладкавана сялянская душа дбайных гаспадароў.

Далучаюць бацькі да працы і свайго сына, які вучыцца ў трэцім класе Опсаўскага ДССШ. Пакуль што ў яго абавязкаў не так многа: летам паглядзець статак, праверыць агароджу. Тым не менш у хлопца ўжо фарміруюцца трывалыя рысы працавітага ўласніка.

Нельга не адзначыць тое, што У. Скур’ят яшчэ і майстар на ўсе рукі. Трактар, капалка, касілка і прэс для сена — усе гэтыя агрэгаты ў яго самаробныя. І з дрэва мужчына можа зрабіць і зручную мэблю, і прыгожыя фігуры.

Таму не дзіўна, што менавіта яму даручылі выконваць абавязкі старэйшыны. Праўда, пад наглядам Уладзіміра засталіся ўсяго некалькі бабуль і дзядуляў. Аднак мужчына ніколі не забываецца пра іх. Абкосіць падворкі, апрацуе агароды, на ўласным мікрааўтобусе завязе ў касцёл.

Калі пацікавілася ў суразмоўцаў, ці пераехалі б яны ў горад, пачула катэгарычнае «не».

— Тут прастор, чыстае паветра, дыхаецца лягчэй, — дадаў Уладзімір. На развітанне пажадала гэтым працавітым гаспадарам здароўя і сіл, бо яны ім так патрэбны штодня.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.