Уладзімір і Валянціна Лук’янец — аб’яднаны і сямейнымі клопатамі, і творчасцю

Выставки Люди

Нядаўна ў музеі традыцыйнай культуры адбылася першая сумесная выстаўка творчасці ўдзельнікаў клуба майстроў і мастакоў «Ля возера» Уладзіміра і Валянціны Лук’янцаў — пары, якую аб’ядноўваюць не толькі сямейныя клопаты, але і творчасць.

Уладзімір Канстанцінавіч — вядомы народны майстар Беларусі па лозапляценні. Гэтай справе ён навучыўся ад бацькі і робіць унікальную мэблю ўжо не адно дзесяцігоддзе, а таксама перадае свой вопыт блізкім і вучням. Яго вырабы — крэслы, канапы, ложкі, этажэркі, посуд — служаць многім людзям і ўпрыгожваюць іх дамы. Валянціна Ягораўна захапляецца шыццём, цудоўна вяжа, май- струе цацкі… Асабліва атрымліваюцца ў жанчыны вырабы ў тэхніцы пэчворк. Разам жа Лук’янцы робяць неацэнны ўклад у захаванне і развіццё традыцыйных рамёстваў.

Немалую ролю ў стаўленні іх як майстроў адыграў музей. У. Лук’янца запрасіла ўдзельнічаць у выставах былы дырэктар установы Галіна Падалян. Яна прапанавала Уладзіміру прынесці свае вырабы, бо ведала, што той захапляецца лозапляценнем. Праз некаторы час муж- чына нават выкладаў тут на занятках. Цікава, што на яго майстар-класах бывала і Валянціна. Яна якраз пачынала шукаць уласны шлях у творчасці і спрабавала свае магчымасці ў розных рамёствах. Аднак больш блізкае знаёмства адбылося толькі некалькі гадоў таму назад.

— Так і напішыце: ва ўсім вінаваты музей, — жартуюць Уладзімір і Валянціна. — Менавіта ў яго сценах мы раскрыліся як майстры і сталі сям’ёй.

Творчыя натуры, яны знайшлі адзін у адным дарадцу і сябра па захапленні. З запалам удзельнічаюць у разнастайных выстаўках на Браслаўшчыне і за яе межамі. Толькі летась, напрыклад, пабывалі ў Паставах на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», удзельнічалі ў «Горадзе майстроў» у Віцебску падчас «Славянскага базару», выстаўляліся на «Дзень беларускага пісьменства» ў Полацку і Дзень горада ў Наваполацку.

— Сезон 2017 года прайшоў актыўна, мы з задавальненнем пабывалі ў розных гарадах, пазнаёміліся з цікавымі аднадумцамі. І хоць удзельнічаць у выстаўках даволі складана, аднак і адмовіцца немагчыма, бо гэта натхняе на далейшую працу, — у адзін голас кажуць майстры.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.