Стагоддзе на варце дзяцінства

Калейдоскоп

a0c6186e-a5

Заўтра свой векавы юбілей адзначаць камісіі па справах непаўналетніх. На працягу ўсіх гэтых гадоў яны выконваюць важную ролю ў вырашэнні праблем аховы дзяцей ад жорсткасці, насілля, негатыўных уздзеянняў сацыяльнага асяроддзя. Юбілейная дата стала падставай для размовы з намеснікам старшыні Браслаўскага райвыканкама, старшынёй камісіі па справах непаўналетніх Вольгай Вялічка. У пачатку дыялогу Вольга Альбертаўна нагадала факты з гісторыі стварэння і станаўлення гэтага грамадскага інстытута.

— Каб вырашыць праблему безнагляднасці і злачыннасці сярод непаўналетніх, 14 студзеня 1918 года Савет Народных Камісараў РСФСР прыняў дэкрэт «Аб камісіях для непаўналетніх». Знаходзіліся камісіі ў распараджэнні Наркамата асветы і яго мясцовых органаў, выконвалі ролю арганізатара прафілактычнай работы, а таксама каардынацыйную функцыю. На працягу наступных гадоў Палажэнне аб камісіях неаднаразова змянялася: удакладняліся функцыі, пашыраліся паўнамоцтвы. У маі 1935 года яны былі скасаваны. Іх ролю сталі выконваць дзіцячыя пакоі міліцыі. Аднак пасля вайны камісіі па справах непаўналетніх былі арганізаваны зноў.

Сёння КСН Беларусі працуюць на падставе Пастановы аб парадку ўтварэння і дзейнасці камісій, а Закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» замацаваў галоўную ролю КСН у дзяржаўнай сістэме прафілактыкі дзіцячай безнагляднасці і правапарушэнняў, а таксама ў абароне дзіцячых правоў.

— Вольга Альбертаўна, раскажыце, калі ласка, пра існуючую структуру КСН Браслаўскага райвыканкама.

— На сённяшні дзень у складзе камісіі 15 чалавек. Гэта прадстаўнікі райвыканкама, аддзела адукацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, бальніцы, ГА «БРСМ», РАУС, раённага аддзела па НС і інш. Дарэчы, усе члены камісіі — людзі актыўныя і адказныя, маюць вопыт работы, ведаюць праблему знутры, таму могуць пасадзейнічаць яе вырашэнню.

— Як праходзяць пасяджэнні, якія пытанні на іх разглядаюцца?

— Разам з членамі камісіі дасканала разбіраем сітуацыі, у якіх апынуліся падлеткі. Магчыма, яны жывуць у нядобранадзейных сем’ях, магчыма, «спатыкнуліся», і мы закліканы ім дапамагчы. Таксама камісія разглядае агульныя пытанні — стан злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, занятасць падлеткаў у вольны час і перыяд канікулаў, стан работы па ахове правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апякунства бацькоў. Яшчэ адно вострае пытанне ў кампетэнцыі камісіі — стан непаўналетніх у сем’ях, дзе бацькі вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем або іншым чынам не выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, у сувязі з чым апошнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За мінулы год камісія разгледзела 46 матэрыялаў, а гэта ў 1,5 разу менш у параўнанні з 2016-м. На жаль, сямейная нядобранадзейнасць памаладзела, таму неабходна працаваць на прафілактыку, каб своечасова паспець дапамагчы сям’і.

— А да якой адказнасці прыцягваюцца непаўналетнія і іх бацькі?

— Самае распаўсюджанае і сур’ёзнае па сваіх наступствах правапарушэнне — распіццё непаўналетнімі спіртных напіткаў ці з’яўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення. Такіх пратаколаў летась разгледжана 32 (54 %). Учыняюць падлеткі і дробныя хуліганствы, парушаюць Правілы дарожнага руху, напрыклад, пераходзяць дарогу ва неўстаноўленым месцы ці ідуць у цёмны час сутак без святлоадбіваючых элементаў. У мінулым годзе стала больш парушэнняў ПДР за кіраванне транспартным сродкам без такога права. Безумоўна, адна з прычын супрацьпраўных паводзін непаўналетніх хаваецца ў невыкананні бацькоўскіх абавязкаў па выхаванні. Таму ў выніку ўчынення дзецьмі, якія не дасягнулі ўзросту адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, правапарушэння да адказнасці прыцягваюцца менавіта іх бацькі.

— Акрамя пасяджэнняў КСН з запрашэннем непаўналетніх і іх бацькоў, чым яшчэ займаецца камісія?

— Галоўная наша мэта — абарона правоў і інтарэсаў непаўналетніх, выяўленне і ўхіленне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць безнагляднасці, учыненню правапарушэнняў. Адным з асноўных крытэрыяў эфектыўнасці работы па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва з’яўляецца аднаўленне сямей і стварэнне ўмоў для вяртання дзяцей. За перыяд дзеяння Дэкрэта № 18 вернуты ў біялагічныя сем’і 65,5 % непаўналетніх. Карыстаючыся момантам, хачу выказаць падзяку ўсім, хто з намі супрацоўнічае і дапамагае выконваць такую цяжкую, але патрэбную работу. Гэта неабыякавыя, мудрыя і адказныя людзі, для якіх абавязкі членаў камісіі становяцца асабістай справай.

— Дзякую за змястоўную гутарку. Жадаю і далей надзейна стаяць на варце шчаслівага дзяцінства.

■ Гутарыла Вера БУЛАНАВА.