РЭКАНСТРУКЦЫЯ І МАДЭРНІЗАЦЫЯ — РУХАВІКІ ВЫТВОРЧАСЦІ

Деньги
4
Бажэна Цясюль

Свінагадоўчы комплекс СВК “Маяк Браслаўскі” быў і застаецца флагманам па вытворчасці свініны не толькі ў раёне (як адзіны), а і ў вобласці. Ды і на рэспубліканскім узроўні, дзе за апошнія гады пабудаваны новыя, з самым сучасным абсталяваннем “свінафермы”, наш не ў сярэднячках, а надзейна ўтрымліваецца ў дваццатцы лепшых.

Нават калі ў рэспубліцы была зафіксавана ўспышка захворвання свіней на афрыканскую чуму і пад нож ішло пагалоўе цэлых комплексаў, маякоўскія свінаводы хоць і панеслі пэўныя страты, але змаглі не дапусціць знішчэння жывёлы. Больш за тое, здолелі за непрацяглы час аднавіць статак, выйсці на ранейшыя аб’ёмы вытворчасці.

Два гады запар там вядзецца капітальная рэканструкцыя памяшканняў, манціруецца новае абсталяванне. Як расказала намеснік старшыні сельгаскааператыва па свінаводстве Людміла Арцем’ева, капітальны рамонт цэхаў пастаўлены на паток. Спачатку насцілаецца новы дах, потым памяшканне вычышчаецца, дасканальна вымываецца. Падлогі бетаніруюцца, нават самыя маленькія шчыліны ў сценах запеньваюцца, штукатурацца, тынкуюцца і фарбуюцца. Прычым кожны рад цэхаў звонку фарбуюць асобным колерам, што надае ўсяму комплексу збудаванняў вельмі эстэтычны выгляд.

Цяпер пагалоўе стабільна ўтрымліваецца на адзнацы ў 20 тысяч жывёлін. У кожным з цэхаў гадуецца па 2 тысячы галоў, якіх абслугоўвае ўсяго 1 аператар. Кожны месяц свінаматкі прыносяць 3 200 — 3 500 галоў прыплоду, за гэты ж тэрмін на дарошчванні і адкорме свінні набіраюць 315 тон валавых прываг, што дазваляе штомесячна адпраўляць на мясакамбінаты па 300 т свініны. Высокая канцэнтрацыя пагалоўя жывёлы, птушкі на абмежаванай тэрыторыі — гэта пастаянная рызыка ўспышак розных інфекцый. І тут на першае месца выходзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Нездарма на комплексе трымаюць 8 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якія і нясуць адказнасць за ветэрынарную ахову жывёлы.

Увогуле, трэба сказаць, што ўвесь тэхналагічны працэс, які арганізуе Людміла Антонаўна, — гэта пастаяннае ўкараненне новых распрацовак вучоных, перайманне перадавога вопыту работы як нашых, так і замежных свінаводаў, граматны падбор і расстаноўка кадраў. На кожным рабочым месцы тут ці аператар, ці слесар, ці зоаветспецыяліст — высакакласны майстар, чалавек працавіты і адказны. А ў ліку лепшых Л. Арцем’ева назвала аператараў па доглядзе свіней Алену Маякіну, Ірыну Пяткевіч, Бажэну Цясюль, Антаніну Лях, тэхніка-асемянатара Алесю Цяпак, слесара Міхаіла Ляха, ветфельчара Кацярыну Данілаву.

  • На працэс вырошчвання адводзіцца не больш за 175 дзён, гэтаму садзейнічае рэгулярнае павелічэнне сярэднясутачных прываг. Цяпер на адкорме кожная жывёла прыбывае ў вазе на 760 грамаў.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.