З маладым задорам і аптымізмам

Деньги Люди

1Не першы год у ліку лепшых працаўнікоў ААТ “Агравідзы” кіраўніцтва гаспадаркі называе прозвішча маладога механізатара Рамана Мачана.

Мясцовы хлопец вырас у сям’і хлебароба. Яго бацька таксама быў дбайным і руплівым механізатарам. З дзяцінства палюбіў тэхніку і Раман. І, стаўшы на самастойны шлях жыцця, пайшоў па слядах бацькі.

Па звыклым распарадку сельскага жыцця ідзе работа ў маладога аграрыя. Круглы год Раман працуе на трактары, а ў час уборачнай кампаніі садзіцца за “штурвал” камбайна.

— Мне падабаецца мая прафесія, — прызнаецца хлопец, — нават не задумваўся пра іншую справу, таму і звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай.

Як і іншыя хлебаробы таварыства, Р. Мачан прыкладае ўсе намаганні, каб працаваць якасна, з максімальнай аддачай выкарыстоўваць сваю тэхніку. Загадзя перабірае ўсе яе агрэгаты і вузлы.

Лёгкага хлеба не бывае. Але гэта перакананне не перашкаджае ўпартаму Раману з маладым задорам і аптымізмам пачынаць кожны свой працоўны дзень і шчыра верыць, што яго старанні акупяцца шчодрым ураджаем.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.