“МАЯК БРАСЛАЎСКІ”: лічбы гавораць самі за сябе

Деньги

136Да свята кожны рыхтуецца па-свойму. У СВК “Маяк Браслаўскі” — флагмана сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, напрыклад, ужо падводзяць вынікі бягучага года, выпрацоўваюць планы на будучы. І калі ў раслінаводчай галіне змяніць практычна нічога немагчыма, то ў жывёлаводаў яшчэ ёсць час нарасціць прадукцыйнасць кароў, павялічыць прывагі свіней і буйной рагатай жывёлы, хоць і цяперашнія паказчыкі зайздросныя.

У цэлым гэты год, як, дарэчы, і ўсе папярэднія, для працаўнікоў сельгаскааператыва можна лічыць удалым. Хіба што зерня сабралі менш, хоць усё зрабілі для таго, каб хлебны каравай быў больш важкім. Яго намалацілі сёлета 11 200 тон пры ўраджайнасці ў 29,8 цэнтнера з гектара.

Плённа папрацавалі механізатары і ў час нарыхтоўкі травяністых кармоў, якіх на ўмоўную галаву жывёлы назапасілі па 31,5 цэнтнера кармавых адзінак, што на 6,7 ц к. адз. больш, чым летась.

Вытворчасць малака і свініны — дзве асноўныя крыніцы грашовых паступленняў у касу гаспадаркі. І гэтым галінам аддаецца перавага ва ўсіх вытворчых працэсах. У дойным статку СВК налічваецца 870 кароў. За 9 месяцаў бягучага года ад кожнай з іх надаілі па 5 504 кілаграмы малака. Гэта на 262 кг больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Валавы надой дасягнуў 4 789 тон. Пры такой прадукцыйнасці дойнага статка, а таксама высокіх прывагах свіней гэтыя галіны вытворчасці працуюць рэнтабельна.

Каб не быць галаслоўным, прапаную чытачам зазірнуць у “кашалёк” гаспадаркі. Дык вось, са снежня па кастрычнік бягучага года выручка ад усіх відаў дзейнасці склала 12 130 тысяч рублёў. Чысты прыбытак — 1 692 тыс. руб. пры рэнтабельнасці вытворчасці ў 19 % і рэнтабельнасці продажу ў 16,4 %. З агульнай сумы малака было прададзена на 2 586 тыс. руб. з прыбыткам у 721 тысячу, рэнтабельнасцю ў 44,8 % і рэнтабельнасцю продажу ў 27,9 %. Па рэалізацыі свіней лічбы адпаведна 6 285 тыс. руб. і 1 591 тыс. руб., 32,8 % і 25 %.

Няслабую прыбаўку ў касу дадала работа каўбаснага цэха. Яго прадукцыі рэалізавана на 1 518 тыс. руб., што прынесла 120 тысяч прыбытку.

А яшчэ агульную скарбонку папоўніў рапс. 679 тысяч выручылі ад яго продажу і атрымалі 221 000 рублёў прыбытку пры рэнтабельнасці ў 56 % і рэнтабельнасці продажу ў 32,5 %.

З выручанай за 9 месяцаў сумы ў фонд заработнай платы было накіравана 2 082,9 тысячы рублёў. Сярэднямесячная зарплата склала 501 руб. 87 кап., а да канца года ўзрасце да 517 рублёў.

За год у сельгаспрадпрыемстве плануюць выручыць за сваю прадукцыю 16 мільёнаў 886 тысяч рублёў і атрымаць 1 762 000 руб. прыбытку. Як бачыце, лічбы гавораць самі за сябе.

  • Каб у цяперашніх няпростых эканамічных умовах паспяхова працаваць на сяле, патрэбна правільна выбраць стратэгію і тактыку гаспадарчай дзейнасці, лічыць старшыня праўлення кааператыва Рамуальд Шукель. Менавіта дзякуючы такім падыходам гаспадарка сёння мае на рахунку грошы, своечасова выплачвае зарплату, накіроўвае сродкі на развіццё вытворчасці.

Аляксандр АЗЕВІЧ.