Хірургія яго стыхія, шлях, наканаваны лёсам

Здоровье Люди Новости

1Медыцына — сфера дзейнасці, да якой трэба прыкіпець сэрцам, навучыцца аддаваць ёй практычна ўвесь час, забываючы іншым разам і пра сям’ю, і пра асабістыя інтарэсы.

Добра ведае гэта і намеснік галоўнага ўрача Браслаўскай ЦРБ, кандыдат медыцынскiх навук Яўген Матусевіч, які ўжо 13 гадоў працуе ў сістэме аховы здароўя. За гэты час урачхірург асвоіў не толькі нюансы сваёй спецыяльнасці, унік ён і ў спецыфіку дзейнасці ўсёй бальніцы.

Яўген з дзяцінства вырашыў звязаць свой лёс з медыцынай, але ведаў, што традыцыйна конкурс у медуніверсітэт “зашкальвае”, таму рыхтаваўся вельмі сур’ёзна. “Залаты” медаліст, ён без цяжкасцей паступіў у Віцебскі ДМУ.

Пасля вучобы пачалася напружаная работа інтэрна Я. Матусевіча ў бальніцы “Хуткай дапамогі” г. Віцебска. Менавіта тут малады спецыяліст удасканальваў і развіваў практычныя навыкі хірурга.

— Даводзілася вельмі многа працаваць і ўвесь час вучыцца, — кажа Яўген Анатольевіч, — дзяжурыў па трое сутак на тыдні. А паколькі толькі за ноч паступалі да 20 чалавек, з якіх пяцярым патрабавалася хірургічная дапамога, то вопыт прыходзіў хутка.

У 2004 годзе Я. Матусевіч з чырвоным дыпломам вярнуўся на радзіму, дзе пачалася новая старонка яго жыцця. Да маладога ўрача ішлі па дапамогу, на яго спадзяваліся, яму давяралі. Працаздольнага і перспектыўнага спецыяліста заўважыў галоўны ўрач ЦРБ. І ў хуткім часе Яўген Анатольевіч быў прызначаны яго намеснікам. У народзе гэтую пасаду называюць “начмед”. З-пад яго ўвагі не выпадае ніякая дробязь у раённай медыцыне. Закупка лякарстваў і медабсталявання, захоўванне санэпідрэжыму, якасць харчавання пацыентаў бальніцы, кантроль за правядзеннем прафілактычных прывівак, арганізацыя ўрачэбных кансіліумаў, прыняцце экстранных рашэнняў у нестандартных сітуацыях — за ўсё гэта і многае іншае адказвае начмед.

Але і пры такім напружаным графіку работы Я. Матусевіч знаходзіць час для ўдасканалення прафесійных ведаў і навыкаў.

— У медыцыне нельга стаяць на месцы, — упэўнены Яўген Анатольевіч, — бо штодзень з’яўляюцца новыя інтэнсіўныя тэхналогіі лячэння, прэпараты і трэба заўсёды быць на грэбні хвалі.

  • Памкненні і дасягненні Яўгена Матусевіча адзначаны Ганаровай граматай ведамаснага міністэрства.

Таму не дзіўна, што менавіта на базе Браслаўскай ЦРБ з мая бягучага года пачаў работу міжраённы лячэбна-кансультацыйны цэнтр па хірургіі, адзіны ў вобласці. Новая структура аказвае хірургічную дапамогу насельніцтву нашага, Верхнядзвінскага, Мёрскага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Людзям цяпер не трэба ехаць у Віцебск ці сталіцу на кансультацыі або аперацыі, бо ўрачы раённых бальніц атрымалі магчымасць на месцы з дапамогай кандыдата медыцынскіх навук удакладніць дыягназ, схему лячэння і абследавання пацыентаў, правядзення аперацыйнага ўмяшання, кансультацый з выкарыстаннем тэлемедыцынскіх тэхналогій. І як адзначыў Я. Матусевіч, за час існавання цэнтра яму ўжо давялося пракансультаваць 46 пацыентаў і шэсць з іх прааперыраваць. — Для плённай работы цэнтра ў нас дастаткова кваліфікаваных кадраў, — адзначыў яго кіраўнік. — У перспектыве функцыі і магчымасці медыцынскай структуры будзем пашыраць, таксама ў планах — набыць абсталяванне для абследавання сасудаў. Безумоўна, гэта яшчэ адзін крок у развіцці медыцыны ў глыбінцы.

Кожны дзень ставіць перад Яўгенам Анатольевічам новыя пытанні і задачы. Але, нягледзячы на цяжкасці, напружанасць у рабоце і самаўдасканаленні, медыцына — яго стыхія, шлях, наканаваны лёсам.

  • Імкненні ўрача дасягнуць новых хірургічных вяршынь падтрымаў галоўны ўрач ЦРБ. І ў 2009 г. Я. Матусевіч закончыў навучанне ў клінічнай ардынатуры па хірургіі, атрымаў вышэйшую катэгорыю. Затым прайшоў падрыхтоўку па пластычнай і эстэтычнай хірургіі і цяпер паспяхова праводзіць аперацыі па карэкцыі рубцоў і вушных ракавін, выдаленні новаўтварэнняў з пластыкай і іншыя. Чарговай прыступкай для няўрымслівага ўрача стала аспірантура, бо практычныя веды і навыкі далі штуршок для напісання навуковай працы. У мінулым годзе ён паспяхова абараніў дысертацыю па лячэнні распаўсюджанага перытаніту і атрымаў навуковую ступень кандыдата медыцынскіх навук. І сёння новы, распрацаваны ў Браславе метад лячэння пацыентаў з гэтай цяжкай паталогіяй выкарыстоўваецца ў бальніцах рэспублікі.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.