Жанчына ў форме — гэта прыгожа

Государственная пограничная политика Люди

1У апошні час застаецца ўсё менш прафесій, якія б не былі падуладныя жанчыне. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва працуюць вадзіцелямі, будаўнікамі, служаць у міліцыі і абараняюць нашу мяжу. Пра жанчын-пагранічніц, нямала якіх і ў Полацкім пагранатрадзе, хацелася б сказаць асобна. Яны настойлівыя, моцныя духам, адказныя і выконваюць свае абавязкі не горш за мужчын. Яркі прыклад — мая суразмоўніца, намеснік начальніка АПК “Урбаны” па ідэалагічнай рабоце капітан Алёна Сапель.

Жыццярадасная і гаваркая, яна ўмее так цікава расказаць пра сваю службу ў органах пагранічнай службы, што толькі паспявай запісваць. А расказаць Алёне сапраўды ёсць што. Яшчэ са школы дзяўчыну вабіла ваенная служба, разам з хлопцамі на ўроках вучылася страявой падрыхтоўцы, збіраць і разбіраць зброю. Аднак пры паступленні выбрала больш жаночую прафесію стаматолага. Калі ж скончыла навучальную ўстанову, а было гэта ў нялёгкія 90-я гады, уладкавацца па спецыяльнасці не змагла. Выбар зрабіла на карысць Дэпартамента аховы Глыбоцкага раёна, адкуль родам. Пяць гадоў Алёна працавала там, у той жа час спрабавала паступіць у Ваенную акадэмію, аднак жанчынам трапіць на службу ў тыя гады было амаль немагчыма. Мары насіць пагоны не пакідалі маладую дзяўчыну, і ў 1998 годзе яна ўлілася ў рады ваеннаслужачых Полацкага пагранічнага атрада.

Пачынала Алёна з пасады кантралёра АПК “Урбаны”. Як прызнаецца, спачатку для яе ўсё было новае, незвычайнае, аднак па характары яна дапытлівы чалавек і хутка спасцігла асновы службы, навучылася карыстацца прыборамі, неабходнымі ў рабоце. Праверка дакументаў, дагляд транспартных сродкаў — тое, з чым даводзілася сутыкацца падчас кожнага дзяжурства. За гады пра- цы бывалі розныя выпадкі. Не раз кантралёр выяўляла нелегальныя цыгарэты ці іншыя рэчы, даводзілася сутыкацца з неадэкватнымі асобамі. Аднак былі і прыемныя моманты, напрыклад, калі мяжу перасякалі вядомыя зоркі эстрады, такія як А. Макарэвіч, Я. Паплаўская і А. Ціхановіч, А. Разэнбаум.

Пазней Алёну перавялі на пасаду старшага кантралёра, потым прапанавалі стаць намеснікам начальніка змены, а пазней і начальнікам. Калі кантралёр адказвае толькі за свае дзеянні, то начальнік — за арганізацыю работы, парадак і зладжанасць дзеянняў усёй змены.

— Пасады адказныя, звязаны з работай з асобамі, якія перасякаюць мяжу. Мы першыя, хто сустракае гасцей нашай краіны, і апошнія, хто іх праводзіць. Таму заўсёды стараемся быць ветлівымі, гасціннымі і, калі ўзнікаюць праблемы ці канфлікты, вырашаць іх хутка. Часам даводзіцца быць не толькі кантралёрам, але яшчэ і псіхолагам, — расказвае А. Сапель.

У органах пагранічнай службы Алёна прайшла шлях ад радавога да капітана. У мінулым годзе прызначана на пасаду намесніка начальніка АПК “Урбаны” па ідэалагічнай рабоце. Тут у жанчыны зусім іншыя абавязкі, якія звязаны з адказнасцю за асабовы склад.

За сваю самаадданую службу Алёна не раз была адзначана граматамі, дыпломамі і падзячнымі лістамі рознага ўзроўню. Аднак самымі значнымі для яе з’яўляюцца нагрудны знак “Выдатнік органаў пагранічнай службы” 2 ступені і дыплом лепшаму начальніку змены пагранатрада 2015 года.

Алёна — чалавек актыўны і на рабоце, і ў жыцці. У вольны час яна займаецца спортам, з задавальненнем вышывае, вяжа. Як прызнаецца, склаўшы рукі сядзець не любіць.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.