Замест паветранай лініі — кабельная

Главное

1Верагодна, многія браслаўчане ўжо заўважылі, як уздоўж дарогі ў напрамку да лесапаркавай зоны ‘‘Леснічоўка’’ вядуцца землярыйныя работы. Гэта брыгада з ПМК-3 Белэлектрасельбуда пракладвае падземны электракабель ад падстанцыі ля гасцініцы да гарадскога водазабора працягласцю 1,5 км.

Па словах дырэктара Браслаўскага раёна электрычных сетак Мікалая Райскага, у паветранай лініі напружаннем 10 кВ, якая пралягае ўздоўж вул. Пясчанай, заканчваецца тэрмін эксплуатацыі. Прыйшоў час яе замены. Але паралельна гэтаму ўчастку ідзе яшчэ і высакавольтная ПЛ-110 кВ, таму з мэтай электрабяспекі РЭС прапанаваў пракласці падземны кабель замест паветранай лініі. У РУП “Віцебскэнерга” падтрымалі такую ідэю: яна і лягла ў аснову падрыхтоўкі праекта.

— Траса, — кажа Мікалай Райскі, — складаная: побач з ёй знаходзяцца сеткі каналізацыі, газа- і водаправодаў, цеплатрасы, аптычнага валакна і звычайнага кабелю. Каб не пашкодзіць выпадкова камунікацыйныя сеткі, асобныя ўчасткі даводзіцца капаць уручную на глыбіню не менш за 0,8 метра. Можна сказаць, кожны метр землярыйнага канала кантралюе не толькі РЭС, які здзяйсняе тэхнічны нагляд за рэалізацыяй праекта, але і спецыялісты электрасувязі, газавай і камунальнай гаспадарак.

У хуткім часе кабель будзе падключаны да электрасілкавання, а паветраная лінія дэманціравана.

■ Тэкст і фота Казіміра Пятушкі.