ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ БРАСЛАЎСКІХ ПЕДАГОГАЎ

Калейдоскоп

1Сёлета адна з буйнейшых грамадскіх арганізацый краіны — Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі — адзначае свой 95-гадовы юбілей. Гэта стала нагодай для сустрэчы са старшынёй райкама галіновага аб’яднання Святланай Сімановіч.

— Увесь гэты час, — кажа Святлана Сяргееўна, — прафсаюз клапоціцца пра павышэнне статусу педагога, стаіць на абароне яго сацыяльна-эканамічных і прафесійных інтарэсаў.

Сёння ў структуры райарганізацыі 27 пярвічак, якія аб’ядноўваюць 1 326 чалавек, ці 99,1 % ад агульнай колькасці працаўнікоў. Вядома, у склад такой вялікай арганізацыі ўваходзяць людзі рознага ўзросту, са сваімі перакананнямі і прынцыпамі, але мы заўсёды стараемся прыйсці да згоды.

Каб трывала стаяць на варце абароны інтарэсаў работнікаў устаноў адукацыі, райкам прафсаюза цесна супрацоўнічае з кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Дзякуючы такому сацыяльнаму партнёрству, у 34 установах адукацыі дзейнічаюць калектыўныя дагаворы, якімі ахоплены 1 655 работнікаў. Многія пытанні, адзначае С. Сімановіч, кіраўнікі навучальных устаноў узгадняюць з прафсаюзным камітэтам: размеркаванне нагрузкі, зацвярджэнне графікаў, раскладу вучэбных заняткаў, адпускоў, правіл унутранага распарадку, заключэнне кантрактаў. Усё гэта спрыяе стабільнай рабоце калектываў. Заўсёды ў полі зроку маладыя спецыялісты, для якіх пагадненнем і калектыўнымі дагаворамі за складанасць і напружанасць работы прадугледжана надбаўка ў памеры 10 % стаўкі. Вялікая работа вядзецца прафсаюзам па прававой дапамозе пры рабоце на кантрактнай сістэме, па рабоце са зваротамі грамадзян, па ахове працы. С.

Сімановіч сканцэнтравала ўвагу на тым, што не застаецца арганізацыя ў баку ад палітычных падзей у краіне і раёне. Так, дырэктар СШ № 1 г. Браслава Тамара Стома прыняла ўдзел у рабоце V Усебеларускага народнага сходу. Прадстаўнікі прафсаюза ўваходзілі ў склад участковых камісій падчас выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Значная ўвага надаецца рабоце з ветэранамі, і райкам прафсаюза заўсёды ідзе насустрач пажаданням сваіх былых калег, ладзіць для іх экскурсіі і традыцыйныя сустрэчы, віншуе са святамі і юбілейнымі датамі. Вялікую ўвагу ўдзяляе аздараўленню членаў прафсаюза і іх дзяцей.

Стала добрай традыцыяй штогод урачыста адзначаць прафесійнае свята, нямала прыхільнікаў здаровага ладу жыцця збірае педагагічная спартакіяда. Актыўна педагогі ўдзельнічаюць у шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і акцыях. Так, у гэтым годзе ў абласным прафсаюзным конкурсе па энергазберажэнні ўдзячнасцю камітэта прафсаюза адзначана пярвічка СШ № 1, а за выніковую арганізацыю работы па эканоміі энергарэсурсаў і збору другаснай сыравіны дыпломы галіновага прафсаюза атрымалі гімназія і СШ № 2.

Безумоўна, падкрэсліла С. Сімановіч, такі разнастайны фронт работы без старшынь пярвічак ахапіць было б немагчыма. Такія актывісты, як Часлава Закрэўская, Наталля Пушкарова, Крысціна Кузняцова і Алена Мядзель, з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі і трывалым сувязным звяном паміж калектывамі і райкамам прафсаюза.

Адным словам, ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны жыццё сапраўды насычанае і цікавае. Галоўнае, не стаяць убаку, а быць актыўным яго ўдзельнікам, тады і шэрыя будні зазіхацяць рознакаляровымі агеньчыкамі.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.