МІНСК — ЗНОЎ ПЛЯЦОЎКА ДЛЯ ДЫЯЛОГУ

Главное

000019_154050_bigУ Мінску 27 — 28 кастрычніка прайшлі пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД. На іх разгледжаны актуальныя пытанні супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ЕАЭС і СНД.

На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета абмеркаваны праект новага Мытнага кодэкса ЕАЭС, праект бюджэту ЕАЭС на 2017 год, ход работы па міжнароднай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, асобныя аспекты гандлёвай палітыкі.

На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД разгледжана больш за 20 праектаў дакументаў, якія тычацца далейшага развіцця супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках дзейнасці Садружнасці.

У рамках мерапрыемстваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД. Пры гэтым беларускі лідар зазначыў, што правядзенне ў Мінску пасяджэнняў кіраўнікоў урадаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Беларусі разглядаюць як прызнанне актыўнай інтэграцыйнай палітыкі краіны.

‘‘Тым часам узмацнілася абгрунтаваная крытыка ў нашых краінах у сувязі з незадаволенасцю як тэмпамі, так і практычнымі вынікамі развіцця інтэграцыі. Чутны трывожныя сігналы ад бізнесу, — адзначыў кіраўнік нашай дзяржавы. — Буду шчыры: крытычная маса пытанняў, што назбіраліся, выклікае ў нас, у Беларусі, трывожныя настроі наконт перспектыў не толькі СНД, але і ЕАЭС’’.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна павысіць эфектыўнасць патэнцыялу інтэграцыі і яе канкурэнтныя перавагі.

‘‘Упэўнены, што мінскія сустрэчы дадуць магчымасць знайсці шляхі вырашэння існуючых праблем, асабліва ў эканамічнай сферы. Без эканомікі нікуды, таму што гэта фундамент любых адносін’’, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што наша краіна рэгулярна ставіць пытанне аб правядзенні ўзгодненай прамысловай палітыкі, неабходнасці ўрэгулявання пытання функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў-членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін.

‘‘Нас не задавольваюць аддаленыя тэрміны стварэння агульных рынкаў энерганосьбітаў, а таксама лібералізацыі выканання перавозчыкамі адной дзяржавы перавозак паміж пунктамі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы’’, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што, нават калі ўмоўна вызначаны тэрміны стварэння адзіных рынкаў, не трэба чакаць да апошняга з іх запускам.

Ёсць цяжкасці і ў практычнай рэалізацыі Дагавора аб зоне свабоднага гандлю СНД.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначае, што СНД — добрая пляцоўка для сустрэч і перагавораў, вырашэння тактычных пытанняў, а саюз Беларусі і Расіі — прыклад і ўзор глыбокай інтэграцыі.

Па выніках пасяджэнняў краіны СНД падпісалі пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў сферы эканомікі, энергетыкі, гуманітарнага супрацоўніцтва. ■

  • Аляксандр Лукашэнка: ‘‘У сучасных умовах СНД захоўвае запатрабаванасць як універсальная пляцоўка ўзгаднення пазіцый.’’