Каўбасныя вырабы СВК «Маяк Браслаўскі» карыстаюцца попытам

Главное Деньги

IMG_7856Нягледзячы на тое, што цяпер браслаўчане маюць шырокі выбар гандлёвых кропак, дзе яны могуць набыць каўбасныя вырабы, мяса і мясапрадукты, паўфабрыкаты, кожную раніцу ля фірменнага магазіна СВК «Маяк Браслаўскі» бачу гараджан, якія чакаюць завозу свежай прадукцыі. А гэта значыць, што пастаўляемыя з каўбаснага цэха сельгаскааператыва мясныя прадукты карыстаюцца павышаным попытам. І не толькі ў нашым горадзе і раёне. Напрыклад, уся мая радня, якая жыве ў Расонах, даведаўшыся, што збіраюся прыехаць у госці, просіць абавязкова прывезці «маякоўскіх» ласункаў. Пра тое ж ведаю і ад шматлікіх знаёмых.

Не за далёкімі ж гарамі і тыя гады, калі ў Браславе можна было купіць мяса, фарш і субпрадукты толькі ў фірменным магазіне, «Пятачку», які належаў прыватніку. У той час, асабліва перад святамі, прадукцыя каўбаснага цэха была той палачкай-выручалачкай, якая давала магчымасць гаспадыням падаць гасцям на стол дастойныя прысмакі.

А пачыналася ўсё ў далёкім 1992 годзе, калі старшыні калгаса Рамуальду Шукялю прыйшла ў галаву думка адкрыць каўбасны цэх. Патрэбны былі спецыялісты. Дваіх такіх знайшоў у Барысаве на мясцовым мясакамбінаце і пераманіў да сябе. Адзін з іх, Генадзь Самульцаў, да гэтай пары ўзначальвае вытворчасць.

Тады мне давялося прысутнічаць на афіцыйным адкрыцці цэха, якое было прымеркавана да нарады-семінара галоўных ветурачоў і дырэктараў племстанцый раёнаў рэспублікі. У той час сваю ўласную перапрацоўчую вытворчасць у Беларусі мелі лічаныя калгасы, таму мерапрыемства стала для ўдзельнікаў вялікай нечаканасцю і выклікала непадробны інтарэс. Рамуальда Іванавіча і Генадзя Рыгоравіча, што называецца, рвалі на часткі, дапытваючыся, як такое можна было зрабіць.

За гады свайго існавання цэх неаднаразова пераабсталёўваўся: аснашчаўся новымі агрэгатамі і апаратурай, мяняўся асартымент прадукцыі, нязменнымі заставаліся і застаюцца якасць і смак.

  • Прадукцыя каўбаснага цэха СВК «Маяк Браслаўскі» — гэта мяса, паўфабрыкаты, субпрадукты, 5 гатункаў паўвэнджаных, 2 — вараных каўбас, сасіскі, сардэлькі, вяндліна. Акрамя фірменнага магазіна, прадукцыя рэалізуецца праз выязны гандаль у буйных населеных пунктах раёна, на гарадскім рынку. Пастаўляецца яна і ў шэраг віцебскіх прамысловых прадпрыемстваў, а таксама ў закрытыя ўстановы раёна.

Як расказаў Генадзь Самульцаў, вялікая ўвага надаецца санітарна-гігіенічнаму стану перапрацоўчага прадпрыемства. Асаблівыя меры перасцярогі давялося прымаць у сувязі з пагрозай занясення віруса афрыканскай чумы. Мінулым летам да асноўнага памяшкання цэха прыбудавалі спецыяльны санпрапускнік для рабочых і абслугоўваючага персаналу, якога цяпер налічваецца 20 чалавек.

Радуе загадчыка цэха і тое, што ў гэтым невялічкім калектыве наладжваецца пераемнасць пакаленняў. Побач з тымі, хто прыйшоў працаваць у першыя гады, усё больш дастойна паказвае сябе і моладзь. Напрыклад, Віталь Цыўнель — мясцовы хлопец, які спецыяльна вучыўся на інжынера-тэхнолага, цяпер з’яўляецца вядучым спецыялістам прадпрыемства.

  •  За 2015 год ад рэалізацыі прадукцыі каўбаснага цэха сельгаскааператыў атрымаў 18 млрд 863 млн руб. выручкі, пры прыбытку ў 1 мільярд 97 мільёнаў і рэнтабельнасці ў 6,2%.

Пра тое, што з невялікага цэха з асартыментам у 5 найменняў прадукцыі гэтае падраздзяленне гаспадаркі ператварылася ў сапраўднае перапрацоўчае прадпрыемства, можна меркаваць па выніках яго работы за мінулы год. На перапрацоўку паступіла 265 т БРЖ у жывой вазе і 437 тон свіней. Выпушчана 454 т мяса і субпрадуктаў і 97,6 т каўбасных вырабаў.

 

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.

На здымку: Інжынер-тэхнолаг Віталь Цыўнель.