Аляксандр Аўгулевіч — лепшы па прафесіі

Люди

IMG_7945Увесь працоўны стаж Аляксандра Аўгулевіча, вядучага інжынера лінейна-тэхнічнай групы раённага вузла электрасувязі, звязаны менавіта з гэтай арганізацыяй. Пасля Відзаўскай СШ закончыў Віцебскі філіял вышэйшага каледжа сувязі, адслужыў у пагранічных войсках і ўладкаваўся ў Браслаўскі РВЭС.

Спачатку працаваў электрамеханікам на АТС, затым — начальнікам лінейна-тэхнічнага ўчастка, а ў 2014 годзе назначаны вядучым інжынерам. У яго пастаянным падначаленні 9 чалавек, якія абслугоўваюць кабельныя тэлефонныя лініі, падключаюць абанентаў ZALA і інтэрнэт.

Начальнік РВЭС Дзмітрый Ціваловіч адзначае, што за 16 гадоў работы ў арганізацыі Аляксандр зарэкамендаваў сябе як граматны і добрасумленны спецыяліст, які выдатна ведае лінейную гаспадарку раёна, асаблівасці будаўніцтва, рамонту і эксплуатацыі лінейнай сувязі. У развіцці сродкаў электрасувязі раёна, удасканаленні якасці і пашырэнні відаў паслуг ёсць і значны ўклад Аляксандра. Пры яго непасрэдным удзеле асвойваліся новыя тэхналогіі: пашыраліся сеткі перадачы даных, праводзілася тэхнічнае пераўзбраенне міжгародняй станцыі, здзяйсняўся пераход на аптычныя сістэмы перадачы. Калі трэба, А. Аўгулевіч не шкадуе ўласнага часу, тэрмінова арганізоўвае выезд электраманцёраў і іншых спецыялістаў, каб ліквідаваць паломкі. Ды і сам не застаецца ўбаку падчас выпраўлення няспраўнасцей. Пры гэтым умее згуртаваць калектыў, таму ўсе даручаныя заданні выконвае неадкладна і якасна.

Аляксандра Аўгулевіча, як высакакласнага спецыяліста, неаднаразова заахвочвалі прэміямі па выніках галіновых абласных спаборніцтваў, узнагароджвалі ганаговымі граматамі РВЭС. Як лепшы па прафесіі занесены ён і на Дошку гонару Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”.

Сам Аляксандр задаволены тым, як склаўся яго лёс.

  • З ахвотай,— кажа,— ужо каторы год еду на працу. У аграгарадку Опса разам з жонкай з дапамогай льготнага крэдыту пабудавалі ўласны дом. Выхоўваем трох дзетак. У вольны час, якога, праўда, не так і шмат, люблю парыбачыць. Што ж яшчэ для шчаслівага жыцця трэба.

І з такім поглядам нельга не пагадзіцца.

Казімір Пятушка.

Фота аўтара.