У такога калектыву ёсць перспектыва. Са справаздачы ў КУСП «Відзаўскі»

Деньги

IMG_0628У сельгаспрадпрыемствах раёна пачалася справаздачная кампанія ў ходзе якой працаўнікі палёў і ферм збіраюцца на агульныя сходы калектываў каб падсумаваць вынікі сваёй работы ў мінулым годзе і вызначаецца з планамі на бягучы. У сераду такое мерапрыемства праходзіла ў КУСП «Відзаўскі».

Мерапрыемства было знакавым для сяльчан яшчэ і таму, што год назад іх гаспадарку ўзначаліў новы кіраўнік — Юрый Трыдзенскі, і, як казалі мне ветэраны сельгаспрадпрыемства, яны ішлі на сход не столькі каб паслухаць пра вынікі сваёй работы за 2015 год, колькі даведацца пра планы дырэкцыі гаспадаркі на цяперашні. І гэта зразумела, бо тыя, хто вырошчвае збожжа, доіць кароў, апынуліся ў даволі складанай эканамічнай сітуацыі. І ад таго, наколькі граматна вызначыць далейшы ход дзеянняў кіраўнік, будзе залежыць іх дабрабыт і вера ў тое, што не застануцца без працы і сродкаў на жыццё.

Як вынікала са справаздачы дырэктара «Відзаўскі» — гаспадарка, дзе людзі яшчэ не развучыліся працаваць на зямлі, зарабляюць і рэгулярна атрымліваюць зарплату не залазячы ў даўгі. У мінулым годзе хлебаробы ўпершыню сабралі па 29,1 цэнтнера збожжа з гектара, што дазволіла прадаць 452 тоны і пакінуць на фураж 822. Годам жа раней на корм жывёле змаглі засыпаць толькі 296 тон. Багаты запас зерня даў важкія прыбаўкі па надоях малака. За справаздачны год сельгаспрадпрыемства рэалізавала 2008 тон яго, што на 361 т больш, чым у папярэднім, а таварнасць вырасла на 5,2%. Ад кожнай каровы надоена па 3060 кг малака. Надой вырас на 738 кілаграмаў. У асноўным за кошт гэтай прадукцыі і быў атрыманы чысты прыбытак у суме 1 мільярд 778 мільёнаў рублёў, пры агульнай рэнтабельнасці ў 11,7%.

А ці мелі магчымасць зарабіць больш, пытаўся ў прысутных дырэктар. Зразумела, маглі. І як прыклад прывёў такую лічбу: летась 26% кароў заставаліся ялавымі. Толькі з-за гэтага гаспадарка недаатрымала 1236 мільёнаў рублёў выручкі. Каб такога не дапусціць далей дырэкцыяй прынята рашэнне ўвесці новыя ўмовы аплаты працы тэхнікаў-асемянатараў. Больш цесна завязваецца на канчатковы вынік работы і зарплата спецыялістаў.

Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве плануюць нарыхтаваць на зімова-стойлавы перыяд па 30 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы, засыпаць не менш тысячы тон зернефуражу, надаіць 2300 тон малака.

Як і за кошт чаго будуць выконвацца намечаныя планы, пра гэта тлумачылі людзям у сваіх выступленнях спецыялісты.

Падсумоўваючы вынікі сходу прысутны на ім намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Ракаў адзначыў, што па тым настроі, які панаваў у зале, можна меркаваць, што ў калектыва працаўнікоў гаспадаркі ёсць жаданне працаваць, а, значыць, і есць перспектыва на будучыню. Важна зразумець, канстатаваў далей выступаючы, што ў цяперашніх умовах трэба спадзявацца толькі на сябе. Кожны працаўнік павінен навучыцца адчуваць асабістую адказнасць за даручаны ўчастак работы, выконваць яе так, каб не падводзіць калектыў, бо невялічкая прамашка аднаго цягне за сабой цэлы ланцуг неапраўданых страт.

А пра тое, што калектыў КУСП «Відзаўскі» яшчэ ўмее зарабляць грошы сведчылі ўручаныя дырэктарам гаспадаркі Ю. Трыдзенскім прэміі перадавікам вытворчасці і каштоўныя падарункі тым, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.

На здымку: Падарунак атрымлівае даярка гаспадаркі, ветэран працы Вера Анушонак.