Высокіх надояў дабіваюцца працавітыя

Деньги

IMG_4706Усяго па 63 кілаграмы малака на карову не хапіла аператарам машыннага даення СВК «Маяк Браслаўскі», каб дасягнуць надою за 2015 год у 7 тон. Калі ж улічыць, што гаспадарка прыбавіла па надоях да папярэдняга года па 226 кг на карову, можа падацца, што дасягнуць сямітысячнага рубяжа можна было не асабліва напружваючыся. Але гэта далёка не так. З размоў са спецыялістамі жывёлагадоўчай галіны, аператарамі, загадчыкамі ферм ведаю, што пры такіх надоях, калі генетычны патэнцыял кароў практычна вычарпаны, прыбаўка нават у 100 грамаў даецца нялёгка.

Недасведчаным людзям можа падацца, што ў «Маяку» аператарам варта толькі прыставіць да вымя даільныя стаканы і малако пацячэ ракой. Маўляў, каровы накормленыя, дагледжаныя, на фермах створаны выдатныя ўмовы працы. Чаму і не даіць. Толькі тут не з усім можна згадзіцца. Мяркуйце самі. На зімова-стойлавы перыяд 2015 — 2016 года ў «Маяку Браслаўскім» было назапашана па 25,6 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. У «Слабодцы-агра» — па 29,6, «Альшанцы» — па 26,8, «Друйскім» — па 25,7. Толькі цяпер у першай гаспадарцы дояць на карову больш як па 18 кг малака, у трох ніжэй пералічаных па 6,2, 3,4 і 6,5 адпаведна. Значыць, справа не толькі ў кармах.

Возьмем на разгляд умовы ўтрымання жывёлы. Акрамя комплексу «Ёдлавічы», усе 5 астатніх малочна-таварных ферм нічым не адрозніваюцца ад тых, якія эксплуатуюцца ў іншых сельгаспрадпрыемствах. «Макоўскія» розняцца парадкам і культурай. Толькі, вазьму на сябе смеласць сказаць, што чысціня на ферме ў першую чаргу спрыяе паляпшэнню якасці атрымліваемай прадукцыі, а не яе колькасці. Нездарма ж амаль усё прададзенае малако адпавядала гатунку экстра.

Адсюль можна зрабіць вывад, што высокіх паказчыкаў дабіваюцца там, дзе належным чынам наладжана тэхналогія, а людзі навучаны строга прытрымлівацца ўсіх яе патрабаванняў, і рабіць свядома, не з пад палкі, без нагляду начальнікаў. Значыць і канчатковы вынік у першую чаргу залежыць ад непасрэдных выканаўцаў, ці, як кажуць, ад чалавечага фактара.

Калі хтосьці падумае, што ў «Маяку» перш за ўсё людзі зацікаўлены высокай зарплатай, то гэта зусім не так. У мінулым годзе там даяркі зараблялі больш, але ж яны сапраўды зараблялі. А вось калі параўноўваць зарплату даярак 2–3 гадовай даўнасці, то яна амаль не рознілася ад большасці іх калег з іншых гаспадарак, хаця маякоўскія і тады даілі ў 2–3 разы больш.

Пра тое, што не ўсё залежыць ад памеру зарплаты, сведчаць і паказчыкі надояў у разрэзе ферм. Так, за мінулы год на МТФ «Дамашы» ад кожнай каровы надаілі па 5985 кг, «Купчэлі» — па 7300, «Даўблі» — па 6926, «Кумпіні» — па 6590, «Якавічы» — па 8177 кілаграмаў. Умовы аплаты працы ва ўсіх аднолькавыя. Вынікі ж розняцца. Гэта яшчэ раз пацвярджае тое, што трымай карову хоць у залатой клетцы, а не будзе ля яе хадзіць руплівая даярка, малако само ліцца не будзе. У Якавічах, наколькі ведаю, падабраўся калектыў працавітых аператараў, якія ў любы момант заменяць калегу, калі здарыцца штосьці непрадбачанае, карову нядоенай не пакінуць. У сваю чаргу і з боку галоўных спецыялістаў да гэтага калектыву павышаная ўвага, бо такія даяркі заслужылі права атрымаць лепшы маладняк, нейкія іншыя невялікія прывіліі. Інакш і быць не можа.

За 2015 год за прададзенае малако СВК «Маяк Браслаўскі» атрымаў 29 мільярдаў 105 мільёнаў рублёў выручкі, прыбытак склаў 8,7 мільярда, рэнтабельнасць вытворчасці 42,7%, пры рэнтабельнасці продажу ў 29,9%.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.

На здымку: Калектыў фермы «Якавічы».