Святкавалі вартавыя парадку

Главное Люди Человек и закон

IMG_0472У мінулую суботу ў Браслаўскім РАУС адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня міліцыі і 99-годдзя ўтварэння службы. Падчас яго былі ўшанаваны лепшыя супрацоўнікі такой мужнай і неабходнай грамадству прафесіі, гучалі словы падзякі і віншаванні.

Па традыцыі першым з прафесійным святам сваіх калег павіншаваў начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка. Ён нагадаў пра вынікі дзейнасці за мінулы год і заўважыў, што хоць ён быў і складаным, браслаўскія міліцыянеры справіліся з пастаўленымі задачамі і па ўсіх накірунках службовай дзейнасці паказалі добрыя вынікі, а таму на Браслаўшчыне ўжо некалькі гадоў захоўваецца адносна спакойная крымінагенная сітуацыя. За апошнія гады на заслужаны адпачынак пайшло шмат вопытных міліцыянераў, аднак аддзел утрымаўся дзякуючы перададзенаму імі вопыту маладым супрацоўнікам. Начальнік РАУС падзякаваў за мужнасць усім, хто быў і зараз знаходзіцца на варце спакою браслаўчан, а лепшым уручыў узнагароды.

Так, нагрудны знак “За самаадданую службу” 2 ступені атрымаў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Сяргей Сакалоў. Нагрудныя знакі “Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС” і “Віцебская міліцыя” атрымалі адпаведна начальнік АГіМ Юлія Крупенька і начальнік штаба РАУС Аляксандр Кіслякоў. Ганаровай граматай  УУС аблвыканкама ўзнагароджаны ўчастковы інспектар Валерый Шлабовіч, граматай — начальнік ізалятара часовага ўтрымання Сцяпан Шакель, падзячным пісьмом — памочнік дзяжурнага АДС Андрэй Карня.

Павіншаваць супрацоўнікаў РАУС з прафесійным святам прыйшла і старшыня райсавета Ніна Пучынская. Яна зазначыла, што на плечы міліцыянераў ускладзены сур’езныя задачы, якія патрабуюць жорсткай дысцыпліны і адказнасці. Ім даверана самае галоўнае — ахоўваць жыццё і спакой грамадзян. Старшыня райсавета выказала ўпэўненасць, што міліцыянеры і надалей добрасумленна, граматна і аператыўна будуць выконваць свой абавязак і стаяць на варце інтарэсаў браслаўчан. А калі калектывам кіруе такі чалавек, як Вячаслаў Грышчанка, які ў сваёй намінацыі прызнаны “Лепшым па прафесіі”, то сумнявацца ў тым, што правапарадак у раёне будзе ахоўвацца належным чынам, не прыходзіцца. Н. Пучынская таксама ўручыла лепшым супрацоўнікам узнагароды.

Пажаданні добрасумленнай службы, спакойнай крымінагеннай сітуацыі і надзейнага сямейнага тылу прагучалі ў адрас міліцыянераў ад кіраўнікоў іншых сілавых ведамстваў — пракуратуры, следчага камітэта, РАНС, АПС “Опса”. Дарэчы, з пагранічнікамі супрацоўнікі міліцыі супрацоўнічаюць асабліва цесна. Таму, напярэдадні свята за дапамогу органам пагранічнай службы ў ахове парадку на мяжы падзячным пісьмом старшыні Дзяржпагранкамітэта быў узнагароджаны інспектар ДПС АДАІ Сяргей Капусцін.

Узнагароды сталі сапраўдным прызнаннем заслуг вартавых парадку. І словы “Служу Рэспубліцы Беларусь” гучалі з іх вуснаў горда і адказна.

Дарэчы, аднаго з супрацоўнікаў РАУС у гэты дзень правадзілі на заслужаны адпачынак. Уладзімір Цяцера ў міліцыі служыў з 1992 года. Пачынаў з пасады інспектара  ДАІ, потым працаваў у інспекцыі папраўчых работ, а з 1999 года быў участковым. Шмат гадоў ён аддаў РАУС, за што калегі яму ўдзячныя, грамадзяне таксама могуць сказаць пра яго толькі добрае. Працаваў без заўваг, не раз быў узнагароджаны, таму заўсёды будзе сапраўдным прыкладам для калег.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.