У любое надвор’е старшы інспектар дарожна-патрульнай службы Браслаўскага РАУС Юрый Лаўрыновіч з чорна-белым жэзлам у руках выходзіць на дзяжурства і стаіць на варце бяспекі дарожнага руху ў нашым раёне. Вадзіцелі ведаюць яго як чалавека прынцыповага, аб’ектыўнага і справядлівага. Кіраўніцтва аддзела і калегі цэняць Юрыя за адказнасць, сур’ёзныя адносіны да службовых абавязкаў.
У міліцыю Юрый прыйшоў пасля службы ў войску. Меў пасведчанне вадзіцеля, таму ў арміі адразу сеў за руль пажарнай машыны, а потым стаў і камандзірам аддзялення пажарнага разліку.
Жаданне пайсці ў ДАІ прымусіла Ю. Лаўрыновіча закончыць школу міліцыі.
Больш за дзесяць гадоў службы ён набыў дастаткова багаты вопыт. Як свае пяць пальцаў ведае ўсе дарогі на Браслаўшчыне, многіх вадзіцеляў пазнае па твары.
Неаднойчы даводзілася старшаму інспектару ДПС бачыць пакуты і боль людзей, якія трапілі ў дарожна-транспартнае здарэнне. У такіх выпадках ад Юрыя Лаўрыновіча патрабавалася не толькі бездакорна выконваць службовыя абавязкі, а быць у нейкім сэнсе яшчэ і псіхолагам, каб не параніць чалавека якім-небудзь не ў лад сказаным словам.
Акрамя інспектарскай службы, Ю. Лаўрыновіч шмат увагі ўдзяляе прафілактыцы бяспекі на дарогах. Ён часты госць у дашкольных установах, школах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе расказвае слухачам пра правілы дарожнага руху, паводзіны на дарогах. Да таго ж у падпарадкаванні ў Ю. Лаўрыновіча восем інспектараў ДПС, якім таксама нярэдка патрэбна слушная парада ці падказка ад старшага па службе.
Юрый ні разу не пашкадаваў пра выбар сваёй прафесіі. Хоць, праўда, прызнаецца, што працоўныя будні праходзяць у пастаянных клопатах пра службовыя абавязкі, а на сям’ю часу застаецца зусім мала. Але жонка Святлана і дзве дачушкі заўсёды з нецярпеннем чакаюць яго са службы і дораць незабыўныя хвіліны радасці.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.
