На пазачарговай сесіі райсавета, якая адбылася 12 лютага, дэпутаты зацвердзілі прыкладнае палажэнне райкама БРСМ наконт стварэння маладзёжнай палаты Браслаўскага раёна. Згодна з дакументам, новы грамадскі орган фарміруецца з прадстаўнікоў навучальнай моладзі агульнаадукацыйных устаноў шляхам выбараў. Права галасаваць і выстаўляць свае кандыдатуры маюць усе маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Участкамі ж для галасавання павінны быць школы. Маладзёжнае фарміраванне выбіраецца на 2 гады.
Плануецца, што яно дазволіць моладзі больш аператыўна і эфектыўна рэалізоўваць сацыяльна значныя ініцыятывы, удзельнічаць у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва раёна, больш шчыльна ўзаемадзейнічаць з органамі ўлады. Гэта стане магчымым праз папулярызацыю мясцовага самакіравання, выяўленне маладзёжных лідараў, фарміраванне і падтрымку актыўнай грамадзянскай пазіцыі маладых людзей.
Як адзначае першы сакратар райкама БРСМ Марыя Сяліцкая, паспяховая рэалізацыя ініцыятывы па стварэнні маладзёжнай палаты дазволіць не толькі больш актыўна прыцягваць моладзь да вырашэння надзённых праблем і ўвогуле ўдзелу ў жыцці рэгіёну, але і выхоўваць тым самым самастойных, адказных і ініцыятыўных людзей.
У адпаведнасці з палажэннем, у раённую маладзёжную палату трапілі 30 найбольш годных хлопцаў і дзяўчат Браслаўшчыны. Яны вызначыліся шляхам выбараў, якія прайшлі ў школах раёна 27 лютага. Трэба адзначыць, што ўсяго свае кандыдатуры выставілі 59 актывістаў з 15 школ. Старт адзінаму выбарнаму дню быў урачыста дадзены ў першай школе г.Браслава. А ў Ахрэмаўскім дзіцячым садку – сярэдняй школе нават было арганізавана галасаванне дома.
Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
