На падтрымку спадзяюцца, і сродкі знаходзяць

Деньги

IMG_0755 (Small)Яшчэ ў 2013 годзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка акрэсліў, што на падтрымку дзяржавы могуць разлічваць толькі тыя сельгаспрадпрыемствы, якія ўмеюць эфектыўна выкарыстоўваць яе. Вал любой цаной нам больш не патрэбен, важна не столькі шмат надаіць, намалаціць, колькі выгадна прадаць. І той, хто здолее зрабіць гэта больш эфектыўна, атрымае максімальныя інвестыцыі, прыкладна так сфармуляваў далейшую фінансавую палітыку ў аграрнай галіне кіраўнік дзяржавы. А таму ўжо сёння, калі на першым плане сельгасвытворцаў стаіць здача своечасовай падрыхтоўкі тэхнікі да веснавой службы, варта думаць, за кошт чаго і як набыць запчасткі, займацца рамонтам, каб не давялося запрагаць у плугі коней.
Зразумела, што дзяржаўная казна пэўны грашовы эквівалент за рамонтныя работы, што праводзяцца заводамі і іх філіяламі, аплаціць. І выйграюць тыя, хто раней за ўсіх адправіў туды рухавікі, каробкі перадач, паліўную апаратуру, іншыя складаныя вузлы і агрэгаты. Большую ж частку расходаў на падрыхтоўку тэхнікі да веснавых работ гаспадаркам трэба цяпер браць на сябе. І тут будзе ўсё залежаць ад разваротлівасці кіраўнікоў і інжынераў. Не будуць чакаць «маніны нябеснай» — песеяць, стануць чакаць яе — лепш не прадугадваць.
Па народнай прымаўцы, што ласкавае цялятка ад дзвюх мамак сосіцца, ладзяць рамонт кіраўніцтва і інжынерная служба ААТ «Агравідзы». Як расказваў галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Дуровіч, пяць трактарных рухавікоў і два камплекты паліўнай апаратуры ў кастрычніку адвезлі на рамонтныя прадпрыемствы. Зразумела, што за мінулы час іх ужо адрамантавалі, і забраць можна будзе, як толькі за работу аплаціць дзяржава. А тым часам і самі шукаюць сродкі.
Па папярэдніх падліках, у сельгаспрадпрыемстве на сяўбе разлічваюць заняць 4 энерганасычаныя і больш за 10 трактароў іншых мадыфікацый, 3 шыроказахопныя пасяўныя агрэгаты, іншую глебаапрацоўчую і дапаможную тэхніку.
Каб увесь гэты парк давесці да ладу і своечасова выправіць у поле, патрэбна больш за мільярд рублёў. Гэта непад’ёмная ноша для гаспадаркі. Але ж калі штодзень адшукваць нейкія тысячы, то накопліваюцца і пэўныя сумы. Ужо ў гэтым годзе на рамонт трактароў патрацілі 51 млн руб. і 118 мільёнаў на пасяўныя агрэгаты. І гэты «ручаёк» перасыхаць не будзе.
Разумна інжынерная служба падыходзіць і да камплектацыі прычапных агрэгатаў. Калі ў большасці гаспадарак, скажам, пры рамонце культыватараў іх пакідаюць недаўкамплектаванымі, чакаючы, калі можна будзе купіць неабходную дэталь, то ў «Агравідзах» з усіх наяўных збіраюць колькі можна, даўкамплектоўваючы астатнія па меры набыцця запчастак.
Такім чынам, можна сказаць, што механізатары ААТ «Агравідзы» ўжо жывуць веснавымі клопатамі, а кіраўніцтва і інжынерная служба па меры магчымасці імкнуцца не зацягнуць працэс падрыхтоўкі тэхнікі.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.