З надзеяй на сельвыканкам

Главное

IMG_7975 (Small)Відзаўскі сельскі Савет дэпутатаў самы вялікі ў Браслаўскім раёне. На яго тэрыторыі 114 населеных пунктаў, самыя буйныя з якіх па колькасці насельніцтва Відзы, Казяны, Відзы-Лаўчынскія, Дрысвяты, Гірэйшы. І ўсюды жывуць людзі, у якіх раз-пораз узнікаюць пэўныя жыццёвыя праблемы, вырашыць якія ў адзіночку ім не па сіле. Вось і звяртаюцца тады вяскоўцы па дапамогу да мясцовай улады.
Сярод яе клопатаў – забеспячэнне палівам, вулічнае асвятленне, стан дарог, медыцынскае, гандлёвае абслугоўванне, крымінагенная абстаноўка, вываз смецця… Іх можна пералічваць і далей. Здавалася б, як можна задаволіць патрэбы ўсіх людзей, дагадзіць ім. Аднак у сельскіх Саветах дэпутатаў нашага раёна ў асноўным гэта атрымліваецца. І залежыць усё ў першую чаргу ад тых людзей, якія там працуюць.
Нядаўна, а дакладней, дзевяць месяцаў таму назад на пасаду кіраўніка спраў Відзаўскага сельвыканкама прыйшла Дзіяна Трыфанава. Па прафесіі яна настаўніца рускай мовы і літаратуры. Працавала філолагам у Таполькаўскай, затым Відзаўскай школах. Ад педагога вырасла напачатку да намесніка дырэктара па выхаваўчай, затым па вучэбнай рабоце. Не адзін год ёй давялося працаваць плячо ў плячо з Сяргеем Алёшыным, які сёння з’яўляецца старшынёй Відзаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Ён і адыграў ролю ў тым павароце лёсу Дзіяны Аляксандраўны, калі яна пасля доўгіх разваг, узважванняў за і супраць вырашыла кардынальна змяніць сферу дзейнасці.
Пачынала найперш, вядома, са знаёмства з непасрэднымі службовымі абавязкамі, якія вельмі шматгранныя. Безумоўна, хацелася бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета. Разам з Сяргеем Алёшыным садзіліся ў аўтамабіль і днямі калясілі па населеных пунктах, занатоўвалі, дзе і што не так, выслухоўвалі просьбы вяскоўцаў і парады, якія яны выказвалі ў адрас мясцовай улады. А па прыездзе на працоўнае месца Дзіяна Аляксандраўна зноў садзілася за вывучэнне нарматыўных актаў, навядзенне парадку ў паперах, рыхтавала патрэбныя дакументы да пасяджэнняў сельвыканкамаў, сесій.
Па ўласным прызнанні Дзіяны, на хатнія справы, клопаты пра мужа нярэдка зусім не хапала ні сіл, ні часу. Муж Часлаў іншы раз намёкамі даваў зразумець, што і сам не рады, што даў згоду жонцы на змену месца працы.
Але пры падтрымцы Сяргея Алёшына, які заўсёды гатовы даць сваёй падначаленай слушную параду, Дзіяна Трыфанава з кожным днём усё глыбей унікае ў справу, за якую ўзялася, спасцігае сакрэты прафесіі, якая заклікана служыць людзям, сярод якіх жывеш.
Адным з нямалаважных накірункаў дзейнасці кіраўніка спраў з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян, як пісьмовымі, так і вуснымі. Іх паступае не так і шмат, аднак ніводны не застаецца без увагі. І заўсёды прыемна, калі ўдаецца дапамагчы людзям справіцца з іх праблемамі. Так, жыхары вёскі Біцюны, а там жыве 13 чалавек, звярнуліся ў сельвыканкам, каб быў падоўжаны да іх вёскі маршрут аўталаўкі Еўраопта, бо прыязджала яна да Пакульні. А да Біцюн ад Пакульні 2 км, але і гэтую адлегласць пажылым людзям не так лёгка адолець. Дзіяна Трыфанава звязалася з дырэктарам Еўраопта Сяргеем Ракавым, і той не застаўся раўнадушным да такой просьбы.
Напрыканцы мінулага года ў сельвыканкам паступіў пісьмовы зварот па пытанні ўвекавечвання на мемарыяльнай дошцы імя Мікалая Хомчанкі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны каля вёскі Дрысвяты і пахаваны ў брацкай магіле ў Відзах. Такая просьба брата загінулага з горада Петразаводска (Рэспубліка Карэлія) таксама была задаволена.
З такіх вось, на першы погляд дробязей, як некаму можа здацца, і складваецца штодзённая работа кіраўніка спраў. А яна да ўсяго павінна быць не толькі эфектыўнай практычна, але і граматна аформленай з юрыдычнага пункта погляду.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.