Дзякуй за ўвагу

Главное

Калі зачынілі наша аддзяленне сувязі “Опліса”, мы, жыхары гэтага населенага пункта, перажывалі, як жа будзем без пошты. Бо каб адправіць пісьмо ці аплаціць камунальныя плацяжы, трэба было дабірацца да бліжэйшага аддзялення сувязі, якое знаходзіцца ў агр. Друйск.
Аднак, дзякуючы нашаму сямейнаму падраду, а гэта паштальёны Станіслаў Вікенцьевіч і Лілія Сцяпанаўна Дуброўскія, праблема адпала сама сабой. Пасля таго, як АС “Опліса” зачынілі, яны перайшлі на працу ў Друйскае аддзяленне сувязі, але засталіся працаваць на нашым участку.
Паштальёнам Станіслаў працуе 13-ы год. Яго жонка Ліля ў гэтай справе каля 15 гадоў, з якіх 14 кіравала аддзяленнем свувязі “Опліса”. Зараз яна дапамагае мужу. Кожную раніцу Станіслаў на сваёй машыне адпраўляецца ў Друйск, дзе забірае карэспандэнцыю і вяртаецца ў Опліса. А потым яны з Ліліяй разносяць усё гэта адрасатам.
Муж і жонка Дуброўскія і раней падыходзілі да справы прафесійна і адказна, да людзей адносіліся ўважліва. А зараз стараюцца дагадзіць вяскоўцам яшчэ больш. Дзякуючы ім, не ўзнікае складанасцей з атрыманнем пенсіі, карэспандэнцыя, тавары, пасылкі заўсёды дастаўляюцца адрасату своечасова, а ўсе просьбы выконваюцца. Акрамя таго, нашы ветлівыя паштальёны заўсёды пацікавяцца, ці трэба што, ды і проста спытаюць, як здароўе.
Адчуваецца, што гэтыя чулыя, добразычлівыя, камунікабельныя людзі вельмі любяць сваю справу. І ў іх ёсць жаданне дапамагаць людзям. А ў рабоце паштальёна, тым больш на сяле, без такіх рыс характару не абысціся. І людская павага — галоўная ўзнагарода за іх дбайную работу.
Мы вельмі ўдзячны нашым паштальёнам і дзякуем ім за ўважлівыя да нас адносіны.

Ад імя жыхароў в. Опліса
І. Жукоўская, Л. Лапыр, С. Ганчаронак.